Прэмія была заснаваная Радай Руху «За Свабоду» ў снежні 2016 года ў памяць пра выбітнага дзеяча нацыянальна-дэмакратычнага руху Беларусі Віктара Сырыцу. Ёй будуць уганароўвацца аўтары найлепшых рэгіянальных ініцыятываў па папулярызацыі беларушчыны па выніках 2016 году. Лонг-ліст прэміі збіралі да 5 лютага, удзел у фармаванні шорт-ліста прыняло кіраўніцтва арганізацыі.
У шорт-ліст увайшлі:
Віталь Амяльковіч (акцыя Слуцкі збройны чын 2016, кампанія па зборы подпісаў за вуліцу Слуцкіх паўстанцаў (550 подпісаў былі перададзеныя уладам у Слуцку ў 2016 годзе);
Алесь Гізун (відэаролікі пра адметнасць Баранавіцкага раёну)
Хрыстафор Жаляпаў (летнікі па аднаўленні школы В.Быкава, прэмія «За Свабоду думкі», в. Бычкі, Ушацкі раён);
Віталь Карабач (фестываль беларускай вайсковай песні да Дня беларускай вайсковай славы, вёска Пяскі Лідскага раёну);
Уладзімір Кацора (канцэрт Лявона Вольскага, Гомель);
Галіна Турандзіна і Ганна Самойленка (адкрыццё беларускамоўнага класа, Магілёў);
Галіна Ярашэвіч (музычны фэст у гонар Яна Чачота, Баранавічы).
«Усяго на конкурс паступілі 20 прапановаў, гэта паказвае, што актыўнасць у рэгіёнах — даволі высокая. Цешыць, што нават у самых маленькіх мястэчках і вёсках знаходзяцца рупліўцы беларушчыны», — сказаў сайту Pyx.by старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
Ён лічыць, што зараз перад Радай стаіць складаны выбар, бо ў шорт-ліст трапілі сапраўды вартыя перамогі кандыдаты.
«Уручэннем прэміі мы спрабуем прыцягнуць увагу да самаахвярнай дзейнасці ў рэгіёнах па нацыянальнаму адраджэнню, на тое, чым усё жыццё займаўся Віктар Сырыца. Перакананы, што, дзякуючы прэміі, такая праца будзе надалей пашырацца», — заключыў Губарэвіч.
