«Мы абмеркавалі некаторыя моманты нашага агульнага плана Руху «За Свабоду» на 2017 год па вобласці, пагаварылі наконт удзелу актывістах Руху ў мясцовых выбарах, бо гэтая выбарчая кампанія пачнецца ўжо ў лістападзе», - сказаў каардынатар па Мінскай вобласці Віталь Амяльковіч.
Па ягоных словах, на абласной Радзе таксама «абмеркавалі магчымае абранне раённых каардынатараў».
Адбылася шчырая і адкрытая дыскусія з удзелам старшыні Руху, на якой паразмаўлялі пра стан арганізацыі, удзел Руху ў Дні Волі і іншых масавых акцыях, кааліцыйную працу.
«Гэта была першае паседжанне новастворанай абласной Рады. Я задаволены шчырай і канструктыўнай размовай як удзельнікаў Рады, так і адказамі старшыні Руху, усцешаны, што прыехалі ўсе сябры Рады. Думаю, гэта паказчык, што людзі – неабыякавыя да дзейнасці нашай арганізацыі ў вобласці і гатовыя адказна і сумленна працаваць», - заключыў Віталь Амяльковіч.
