Жыхар Мачулішчаў Вячаслаў Сафронаў, вядомы сваімі адыёзнымі і прарасійскімі выказваннямі, у пачатку студзеня напісаў заяву на Дзяніса Рабянка, у якой прасіў пакараць яго за абразу Лукашэнкі на падставе публікацыяў у сацсетцы «Вконтакте». Міліцыя пачала праверку. Рабянок звязваў гэты зварот са т.зв. «справай „Рэгнума“», сайт якога ён патрабаваў заблакаваць за антыбеларускія матэрыялы. У канцы студзеня міліцыя заявіла пра завяршэнні праверкі і адмовілася заводзіць справу.
«Сёння дазнаўся, што праверка ўсё яшчэ вядзецца ў адносінах да мяне. Усё ж такі народная мудрасць — разлічваць на горшае — гэта найлепшы варыянт у беларускіх умовах», — сказаў сайту Pyx.by Дзяніс Рабянок.
Па ягоных словах, «зараз праверка прыпыненая таму, што прызначаная лінгвістычная экспертыза, якая павінна даць заключэнне, ці была ў як быццам маіх цытатах, дасланых Сафронавым разам з заявай на ўзбуджэнне крымінальнай справы, абраза Лукашэнкі і „іншых службовых асоб“».
Сябра Руху патлумачыў, што адмова ва ўзбуджэнні крымінальнай справы была чыста фармальнай, бо скончыліся тэрміны, якія адведзеныя на правядзенне праверкі. Пасля завяршэння экспертызы яна можа быць адноўленая ў любы момант.
Прычым, час сканчэння экспертызы — невядомы, яна распачнецца не раней за жнівень «праз вялікую загрузку дзяржцэнтра, які мае на гэта ліцэнзію».
«Цікава, напісана, што на маёй старонцы ў ВК дадзеных выказванняў „не выявлено“. Але ж экспертыза прызначаная. І справа на кантролі ва УУС Гомельскай вобласці», — дадаў Рабянок.
Яшчэ адна акалічнасць: Сафронаў заявіў міліцыі, што ў актывіста Руху ёсць некалькі старонак «Вконтакте».
«У такой сітуацыі складана нешта прагназаваць, — дадаў Дзяніс Рабянок. — Але я не разумею, чаму аб прызначаная экспертыза, калі не даказаны факт, што гэта сапраўды мае выказванні? Вераць на слова Сафронаву? Ён такі аўтарытэт? Незразумела».
На гэты час актывіст плануе чакаць вынікаў лінгвістычнай экспертызы, а потым прымаць рашэнне пра далейшыя дзеянні.
