— Віталь, у мінулым годзе ты змагаўся супраць расейскага трыкалора ў грамадскім транспарце горада, зьбіраў подпісы за вуліцу Слуцкіх паўстанцаў, зараз дамагаешся, каб канферэнц-заля раённай бібліятэкі стала даступнай для «непажаданых» беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў. Як адгукаюцца землякі на гэтыя акцыі?
Амяльковіч- У Слуцку досыць шмат людзей розных нацыянальнасьцяў — вакол горада ў савецкі час дыслацыравалася нямала ваенных гарадкоў. Вось многія з пакінутых да гэтага часу і не вызначыліся, да каго сябе адносіць. Ім цалкам пасуе вызначэньне Сьвятланы Алексіевіч: «чырвоны чалавек». Нядзіўна, што калі правесьці анкетаваньне пра падзеі ва Украіне, то можа скласьціся меркаваньне: апытаньне рабіўся ў Расіі. Гэта ненармальна. Пры тым, што ў нашай краіне няма імпэрскіх амбіцыяў, як у нашага суседа. Аднак наслухаўшыся прамоваў з розных расейскіх ток-шоу, некаторыя таксама пачалі прасякацца імпэрскай настальгіяй — вазьміце хоць бы выпадак з вывешваньнем трыкалораў ў гарадскім транспарце.
— Раскажы падрабязней пра тую гісторыю ...
— Улетку ў горадзе зьявіўся аўтобус з вялікім расейскім сьцягам на лабавым шкле. Аднойчы дачакаўся яго адмыслова, сфатаграфаваў і доказы прадставіў кіраўніцтву парка № 2. Рэакцыя, на здзіўленьне, была адэкватнай: кіроўцу пазбавілі прэміі, зь ім правялі тлумачальную размову. Аднак 3 ліпеня, на афіцыйны Дзень Незалежнасьці, гісторыя паўтарылася: я заўважыў іншы аўтобус з такім жа трыкалёрам. Зноў зьвярнуўся ў аўтапарк і «Мінскаблаўтатранс» — сытуацыю выправілі.
— Зараз часам складаецца меркаваньне, што цэнтральная ўлада зацікаўлена ў курсах беларускай мовы, заахвочвае майкі-вышыванкі ... А як у Слуцку?
— На мясцовым узроўні я не бачу якіх-небудзь рухаў у бок беларускасьці. Тут чакаюць, наколькі сур’ёзная гэтая палітыка «мяккай беларусізацыі»: ня вераць у доўгатэрміновасьць працэсу ... А самі не гатовыя праяўляць ініцыятыву. Фактычна, па сваёй сьвядомасьці гэтыя чыноўнікі ўсё яшчэ жывуць у БССР, старанна захоўваючы яе атрыбуты. Прыкладам можа паслужыць і сытуацыя з перайменаваньнем вуліцы, і цяжкасьці ў арганізацыі сустрэч з вядомымі пісьменьнікамі і гісторыкамі Беларусі, якія даказалі сваімі творамі адданасьць ідэі незалежнасьці нашай краіны.
— Апошнім часам ты дапамагаеш жыхарам змагацца супраць стварэння вытворчасьці па ачыстцы забруджаных нафтай грунтоў на тэрыторыі лясгаса ў раёне Варанецкіх балот. Чаму зацікавіўся гэтай праблемай?
— Людзі звярнуліся за дапамогай ... Сутнасць праблемы ў тым, што ўлада і прадстаўнікі бізнесу абсалютна не цікавяцца меркаваньнем простых грамадзян, ладзяць сумнеўныя вытворчасьці, якія пагражаюць экалёгіі рэгіёну ў будучыні. Такога роду вытворчасьці лепш ствараць каля нафтасховішчаў, нафтаперапрацоўчых заводаў. Аднак чамусьці выбралі раён, дзе знаходзяцца вытокі ракі Случ, а таксама водападзел паміж Пціччу і Случчу. Дарэчы, там да гэтага часу поўна артылерыйскіх снарадаў, якія выбухаюць і будуць выбухаць яшчэ доўгі час.
У жыхароў прылеглых вёсак склалася меркаваньне, што райвыканкам цалкам самаўхіліўся, і яны спрабуюць знайсьці падтрымку ў грамадскіх актывістаў.
Будзем змагацца, трэба падключаць таксама жыхароў горада, бо гэта патэнцыйная пагроза для экалёгіі ўсяго рэгіёну.
Паводле газэты «Свабодныя навіны» і сайта Партыі БНФ
