«У нашу кватэру зайшоў судовы выканаўца, пачаў аглядаць пакоі кватэры. З намі жыве маладая сям'я, і ён апісаў маёмасць, якая ім належыць. Сказаў, калі я аплачу штраф на працягу 10 дзён, праблем не будзе», - сказаў сайту Pyx.by Віктар Кулак.
Ён лічыць дзеянні судовага прыстава незаконнымі, бо апісаны тэлевізар, лядоўня і інш. - належаць іншым людзям.
«Ніякіх павестак не было. Ён прыйшоў нечакана як снег на галаву. Выканаўца паводзіла сябе нахабна. У маці падвысіўся ціск і прыхапіла сэрца», - дадаў актывіст Руху.
Па ягоных словах, накапілася штрафаў на 1055 рублёў, частка з іх абскарджваюцца, першы быў аплочаны 6 студзеня.
Нагадаем, што ў лістападзе 2016 года сябры Руху «За Свабоду» Алесь Марчанка і Віктар Кулак былі аштрафаваныя cудом Маскоўскага раёну Мінска на 10 і 25 велічыняў. Іх судзілі за акцыю салідарнасці з блогерам Эдуардам Пальчысам. Потым Кулака судзілі яшчэ некалькі разоў.
