Пляцоўка па біялагічнай ачыстцы нафтазабруджаных грунтаў павінна паўстаць на ўчастку ваеннага гарадка ў 6 кіламетрах ад вёскі Адамова. Слуцкія ўлады правялі грамадскія слуханні, якія зацвердзілі дадзенае рашэнне. Мясцовыя жыхары актыўна змагаюцца з гэтым, сабралі подпісы, звярнуліся да правабаронцаў, у тым ліку і да каардынатара Руху «За Свабоду» ў Мінскай вобласці Віталя Амяльковіча. Ён абскардзіў вынікі слуханняў.
«Слуцкі раённы выканаўчы камітэт у адпаведнасці з лістом № 449 ад 29 снежня 2016 года лічыць несапраўдным пратакол грамадскага абмеркавання справаздачы па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай дзейнасці па аб’екце „Біялагічная ачыстка нафтазабруджаных грунтаў“», — сказана ў адказе Амяльковічу з Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя за подпісам намесніка старшыні А.С. Валожынскай.
Прычынамі лічыць несапраўдным гэты пратакол Валожынская называе дзве: адсылка ў ацэнцы на неіснуючае рашэнне Слуцкага райвыканкама ад 16 кастрычніка 2015 года і «неабходнасць правядзення паўторных грамадскіх слуханняў па шматлікіх зваротах грамадзян».
«Мы змагаліся, каб праведзеныя са шматлікімі парушэннямі слуханні былі прызнаныя несапраўднымі», — сказаў сайту Pyx.by Віталь Амяльковіч.
У прыватнасці, акрамя скаргаў ў Слуцкі райвыканкам і Мінскі аблвыканкам, ён звярнуўся і ў пракуратуру Слуцкага раёна з патрабаваннем правесці праверку і прыняць меры пракурорскага рэагавання па слуханнях.
«Пракуратура самаўхілілася ад канкрэтнай працы і адказала адпіскай. 6 студзеня я даслаў ім скаргу, і яны ўжо
Па ягоных словах, кампанія супраць вытворчасці ачысткі грунтаў прымусіла мясцовыя ўлады хоць неяк дзейнічаць. «Наколькі ведаю, яна прымусіла правесці ў Слуцку ледзь не тэрміновую нараду, мясцовыя ўлады былі вымушаныя ўжо не самаўхіляцца, а заняцца праблемай. Мяркую, чыноўнікі спужаліся грамадскіх пратэстаў, бо людзі самаарганізаваліся, сабралі подпісы, звярнуліся да правабаронцаў», — патлумачыў Амяльковіч.
Мы прымусілі, падкрэсліў каардынатар Руху ў Мінскай вобласці, улады «зрабіць крок назад».
«Мы добра разумеем, што будзе спроба гэтае пытанне ізноў падняць і правесці ўжо новыя грамадскія слуханні, каб зацвердзіць стварэнне ў Слуцкім раёне сумнеўнай вытворчасці — ачыстцы нафтазабруджаных грунтаў. Але мы не пакінем гэтае пытанне, будзем сур'ёзна і строга адсочваць дадзеную тэму», — заключыў Амяльковіч.
