Усе тры рашэнні былі вынесеныя Свіслацкім судом у адсутнасць падсудных.
Губарэвіч аштрафаваны на 25 базавых велічыняў 30 снежня. З такім рашэннем ён не згодны. «Дзіўна, што рашэнне было прынятае 30 снежня, хаця два месяцы з акцыі мінулі 29 снежня. Я бачу ў гэтым працэсуальнае парушэнне», — адзначыў ён сайту Pyx.by.
Акрамя таго, старшыня Руху звярнуў увагу на тое, што яму належным чынам не паведамілі пра суд, павестка яму перададзеная не была. «Суд перавысіў свае паўнамоцтвы», — дадаў Юрась Губарэвіч.
Юрый Казакевіч быў пакараны штрафам у 10 базавых велічыняў яшчэ 14 снежня, але толькі днямі атрымаў рашэнне. 30 снежня пакаралі штрафам у тры базавых і актывіста Руху «За Свабоду» Вадзіма Бабіна.
«Публічныя акцыі грамадзянаў, якія шануюць нацыянальных герояў, часцяком трапляюць пад пераслед. Вольна ў Беларусі сабе пачуваюць толькі аматары „русского мира“. Калі нехта спрабуе разгледзіць у заявах беларускіх уладаў паварот да нацыянальнай гісторыі, то такія яе дзеянні паказваюць іншае», — заключыў Губарэвіч.
Сярод асуджаных за ўдзел у акцыі ў Свіслачы як мінімум восем чалавек, акрамя вышэйназваных таксама каардынатар Руху «За Свабоду» ў Гродзенскай вобласці Вадзім Леван, сябры Руху Яўген Скрабутан, Васіль Клімовіч, Вітольд Ашурак, Эдуард Дмухоўскі.
