Паводле Дмухоўскага, суд адбываўся паводле знаёмага сцэнару: супраць яго сьведчылі тыя самыя два міліцыянты, якія казалі тое ж, што і на ранейшых 13 працэсах. Маўляў, ён быў на могілках, каля помнікаў Каліноўскага і Траўгута, а таксама ў Якушоўцы трымаў бела-чырвона-белы сьцяг.
Довады Дмухоўскага, што ён разам зь іншымі ўшаноўваў памяць нацыянальных герояў на Дзяды і не парушаў грамадзкага парадку, судзьдзёй да ўвагі прынятыя не былі.
Рашэньне гэтага суду было відавочным, нічога новага не адбылося. А тое, што Дзяды, ушанаваньне продкаў, — гэта годнае мерапрыемства, якое дадае гонару любой дзяржаве, і што калі продкі ўшаноўваюцца, то ў такой дзяржавы ёсьць будучыня, — такое ў нас ня ўлічваецца. І судзяць, вядома, за бела-чырвона-белы сьцяг. А тое, што пад гэтым сьцягам Беларусь стала незалежнай і пад ім цяперашні прэзыдэнт даваў прысягу — гэта таксама нікога не абыходзіць.
Паводле маніторынгу гарадзенскіх праваабаронцаў, за ўшанаваньне паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы да сёньняшняга дня былі асуджаны ўжо 13 актывістаў з розных гарадоў Беларусі. Сярод іх абласныя каардынатары Руху "За Свабоду" Вадзім Леван і Юрый Казакевіч, сябры Руху Яўген Скрабутан, Васіль Клімовіч, Вітольд Ашурак. Вынік судоў над старшынём арганізацыі Юрыям Губарэвічам, сябрамі Руху Вадзімам і Максімам Бабіным - невядомыя
