«Перад навагоднімі святамі мне давялося шукаць у беларускіх крамах глобус, каб Дзед Мароз мог пакласці яго пад ялінку для маіх дзяцей. У працэсе пошуку выявілася, што ў продажы адсутнічаюць глобусы беларускай вытворчасці», — адзначыў у звароце Шыманскі.
Па ягоных дадзеных, у крамах прадаюцца глобусы расійскай, польскай, італьянскай і кітайскай вытворчасці, усе вырабленыя для ўнутранага расійскага рынку. У выніку яны ўсе: на рускай мове, назва нашай краіны на гэтых глобусах не адпавядае Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь («Белоруссия» замест «Беларусь»), адлюстроўваюць палітычныя межы паміж краінамі ў адпаведнасці з афіцыйнай пазіцыяй расійскай дзяржавы (Аўтаномная Рэспубліка Крым пазначана расійскім рэгіёнам, тое ж самае тычыцца рэспублік Абхазія і Паўднёвая Асетыя).
«У якасці вучэбна-наглядных дапаможнікаў гэтыя ж глобусы трапляюць у беларускія школы і іншыя навучальныя ўстановы», — дадаў сябра Руху «За Свабоду».
Дзмітрый Шыманскі звярнуў увагу, што «Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства „Белкартаграфія“ мае дзяржаўную форму ўласнасці і адказвае за картаграфічную вытворчасць у Рэспубліцы Беларусь», яе прадукцыя «адлюстроўвае афіцыйную пазіцыю дзяржавы ў пытаннях палітычных граніц у свеце».
«У сувязі з адсутнасцю глобусаў у асартыменце выпускаемай вашым прадпрыемствам прадукцыі, нельга ўпэўнена казаць пра выкананне вашым прадпрыемствам адной з найгалоўнейшых задач: поўнага забеспячэння патрэбаў Рэспублікі Беларусь у картаграфічнай прадукцыі. Акрамя гэтага, ваша прадпрыемства адной з задачаў мае забеспячэнне нагляднымі дапаможнікамі навучальных установаў Беларусі», — падкрэсліў актывіст.
Ён папрасіў у кіраўніцтва прадпрыемства разгледзець пытанне арганізацыі вытворчасці або паставак у Рэспубліку Беларусь глобусаў з картамі, якія адпавядаюць дзяржаўнай пазіцыі Беларусі: на абодвух дзяржаўных мовах у роўнай колькасці: 50% прадукцыі на беларускай мове, адлюстроўваюць афіцыйную пазіцыю Рэспублікі Беларусь у пытаннях палітычных межаў паміж краінамі, а таксама наладзіць пастаўкі гэтых глобусаў у крамы і навучальныя ўстановы.
