9 снежня больш за 20 чалавек прынялі ўдзел у літаратурных чытаннях да 125-годдзя паэта Максіма Багдановіча па закліку старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча.
Усіх актывістаў абвінавачваюць ва ўдзеле (а Губарэвіча і ў арганізацыі) у несанкцыянаваным пікеце 9 снежня ля помніка Максіма Багдановіча.
Парушэнне выразілася ў «сумеснай масавай прысутнасці» па ўказаным адрасе. Актывіста Руху «За Свабоду» Аляксея Саевіча таксама абвінавачваюць у тым, што ён трымаў бел-чырвона-белы сцяг і чытаў вершы.
«Абсурдная логіка ўладаў. Калі афіцыёзнае мерапрыемства, то можна нагнаць студэнтаў, вайскоўцаў, якія там сумавалі. А калі людзі праявілі ўласную ініцыятыву, за гэта яны трапляюць пад рэпрэсіі. Усё што не дазволена, усё забаронена», - пракаментаваў атрыманні пратаколаў Юрась Губарэвіч.
Адзначым, што 9 снежня прайшлі таксама афіцыйныя мераепрыемствы да 125-годдзя Багдановіча. У прыватнасці некалькі гадзінамі да чытанняў Руху ля помніка паэту прайшоў афіцыйны мітынг "Паклонімся Максіму", студэнты вну чыталі ягоныя вершы. Ніхто з удзельнікаў акцыі пакараны не быў.



