«Я пісаў заяву генпракурору, каб распачалі крымінальную справу супраць Алы Бронь. Я не ведаў, што гэта мужчына, які жыве ў Беларусі. Другім пунктам я пазначыў, каб яны напісалі запыт у Міністэрства інфармацыі, каб заблакавалі гэты „Рэгнум“. Мне даслалі адказ, што крымінальную справу распачынаць адмаўляюцца. Але звернуцца да Міністэрства інфармацыі», — апісаў Дзяніс Рабянок.
А пасля мы даведваемся, што справа заведзеная...
Дзяніс Рабянок: На добры лад, справу мусілі завесці адразу. Калі там адкрыта пішуць, што беларусы гэта не нацыя. Але ж у нас рашэнні прымаюць людзі, якіх мы не ведаем. Мабыць, гэтая крымінальная справа распачатая па іншых матывах, можа, яна звязаная з Крамлём, з платамі за газ. У нас механізмы прыняцця такіх рашэнняў закрытыя.
Затрыманы яшчэ адзін аўтар «Рэгнума». Як вы лічыце, ці адэкватная гэта мера — арышт?
Дзяніс Рабянок: Я двума рукамі за тое, што распачалі справу. А арышт — гэта зусім не абавязкова. У нас сістэма празмерна карная. Хай бы да суда сядзелі дома, але пакаранне яны мусяць панесці.
Калі іх справы аб’яднаюць, то яны пойдуць як група па змове, і там ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Вы за якое пакаранне?
Дзяніс Рабянок: Яны павінны сядзець за кратамі. Гэта не дзіцячыя гульні. Пад ударам існаванне Беларусі як незалежнай дзяржавы.
Але рэсурс, дзе яны пісалі не заблакаваны?
Дзяніс Рабянок: Там яшчэ горшыя артыкулы пачалі з’яўляцца. Не ведаю, як людзі, грамадзяне Беларусі, так ненавідзяць сваю дзяржаву. Калі табе так не падабаецца, дык бяры рэчы і едзь на Сахалін, прасторы ў Расіі хапае.
АРЦЁМ МАРТЫНОВІЧ
