
«Вялікую ўвагу дзяржава надае чужынцам, часцяком забываючыся на беларускіх нацыянальных герояў, тых асобаў, якія паспрыялі станаўленню беларускай нацыі. Максім Багдановіч адзін з такіх выбітных людзей», — звярнуўся Юрась Губарэвіч да прысутных.
Старшыня Руху «За Свабоду» падкрэсліў, што Багдановічу лёсам быў адведзены вельмі кароткі век — 25 год — «але за гэты час гэты малады чалавек зрабіў столькі, колькі шмат хто не зробіць за ўсё жыццё».
«Ён той чалавек, які паспрыяў фармаванню літаратурнай беларускай мовы і разуменню беларусамі сабе як нацыі», — дадаў Губарэвіч.
Удзельнікі свята пад нацыянальнымі сцягамі прачыталі нізку вершаў Багдановіча, усклалі кветкі і запалілі знічкі ля помніка.


За чытаннямі назіралі ля 10 чалавек у цывільным, але пратаколаў на ўдзельнікаў не складалі.
«Акрамя афіцыйных, я б нават сказаў афіцыёзных мерапрыемстваў, не меншае права на святкаванне важных датаў мае права грамадскасць. Абуральна, што літаратурныя чытанні адбываюцца ў Мінску пад такім пільным наглядам праваахоўных органаў», — пракаментаваў акцыю сайту mff.by Губарэвіч.
Пасля завяршэння акцыі намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Меляшкевіч правёў для ўсіх ахвотных экскурсію па Мінску.
