Сельгазпасёлак зносяць амаль увесь

Па прапанаванаму дэталёваму плану з 881 прыватнага дома, будуць захаваныя толькі 281. Будуць знесеныя 614 жылых дома, 368 з іх для будавання новых шматпавярховікаў, 246 — дарогаў.
«Правы ўласніка не абаронены. Гэта адчулі на сабе ўласнікі прыватных дамоў Сельгаспасёлка, які гарадскія ўлады вырашылі знесці, каб пабудаваць там новыя шматпавярховыя дамы. Пры гэтым, меркаванне жыхароў пасёлка ў разлік не бярэцца», — пракаментаваў сайту Pyx.by ініцыятыву гарадскіх уладаў сябра Рады Руху «За Свабоду» Віктар Янчурэвіч, які шмат год змагаецца супраць ушчыльняльнай забудовы.
Па ягоных словах, «не здолеўшы „праглынуць“ Сельгаспасёлак цалкам, а таксама дзеля таго, каб знізіць градус напалу эмоцыяў і ўбіць клін ў адзінства і салідарнасць мясцовых жыхароў, улады прапанавалі захаваць частку прыватных дамоў».
«Па такой схеме прасоўваецца знос прыватнага сектара і ў іншых пасёлках Мінска. Але трэба разумець, што Генплан горада праходзіць карэктуру кожныя 5 год і дойдзе чарга да зносу тых парэшткаў прыватнага сектару, якія нібыта сёння вырашана захаваць», — патлумачыў Янчурэвіч.
Прычым, на прэзентацыі праекта так званага «развіцця» Сельгаспасёлка беларусы, якіх прынята называць «памяркоўнымі», «прадэманстравалі свой сапраўдны характар».
«Перапоўненая актавая зала школы № 53 проста кіпела эмоцыямі. Людзі сутыкнуліся з несправядлівасцю дзяржаўнага падыходу ў адносінах да прыватнай уласнасці», — патлумачыў Янчурэвіч.
ФАК ля Цнянскага водасховішча пабудуюць, не звяртаючы ўвагі на меркаванне жыхароў


Пазней у будынку Гандлёвага каледжу прайшло грамадскае абмеркаванне праекту забудовы тэрыторыі ля Цнянскага водасховішча.
«Мясцовыя жыхары доўга і з надзеяй чакалі грамадскага абмеркавання, каб дамагчыся адмены будаўніцтва спрэчнага ФАКа, які справакаваў канфлікт у першай палове года. Гэты аб’ект не быў прадугледжаны існуючым заканадаўствам, і яго размашчэнне парушала рэгламенты генеральнага плана па ландшафтна-рэкрэацыйных зонах», — патлумачыў сябра Рады Руху.
Аднак, дадаў ён, «падчас прэзентацыі арганізатары абмеркавання далі зразумець, што рашэнне было прынятае Мінгарвыканкамам яшчэ да распрацоўкі карэкціроўкі ПДП, таму яно аўтаматычна занесена ў новы праект і пераглядацца не будзе».
«Такім чынам мясцовыя улады чарговы раз прадэманстравалі сваё стаўленне да грамадскага меркавання і падкрэслілі бессэнсоўнасць існуючага парадку грамадскага ўдзелу ў прыняцці горадабудаўнічых рашэнняў», — заявіў Янчурэвіч.
Новыя трэнды
Па словах сябра Рады Руху, сёння са зносам і адсяленнем сутыкаюцца толькі жыхары прыватнага сектару, але з’явіўся новы трэнд.
«Хутка пачне набіраць абароты новы трэнд — адсяленне з першых паверхаў шматпавярховых дамоў. Першымі з гэтым сутыкнуцца жыхары асноўных магістральных вуліц Мінска. Не выключаю, што сацыяльныя пратэсты прымуць новую афарбоўку. А грамадскія абмеркаванні с такімі горадабудаўнічымі праектамі і такімі адносінамі мясцовай улады да гараджан з актавых заляў перамесцяцца на цэнтральныя плошчы горада. Бо месца ў актавых залях ужо не хапае», — заключыў Віктар Янчурэвіч.
