"Сёння на 89-м годзе з жыцця пайшоў выкладчык беларускай мовы, краязнаўца, лаўрэат прэміі "За свабоду думкі" Алесь Белакоз. Ён быў шчырым патрыётам Радзімы і за сваё жыццё выхаваў не адно пакаленне сапраўдных беларусаў. Шчыра спачуваю блізкім спадара Алеся. Ягоная смерць - вялікая страта для Руху "За Свабоду" і Беларусі!" - адзначыў старшыня Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч.
"Алесь Белакоз – легендарны чалавек, апантаны беларускай ідэяй. Ён не толькі ёй служыў, ён ёю жыў. Некалькі пакаленняў людзей у нашай краіне сталі беларусамі, захапіліся беларускім адраджэннем, паверылі ў сябе, дзякуючы сустрэчы з ім", - адзначыў сябра Рады Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч.
Алесь Мікалаевіч – гістарычная асоба, вялікі грамадзянін нашай Бацькаўшчыны, дадаў ён. "Шчырае спачуванне родным і блізкім. Светлая вечная памяць Вам, Спадар Алесь!" - заключыў Мілінкевіч.
Алесь Белакоз нарадзіўся ў 1928 годзе на Гродзеншчыне, у вёсцы Ляткі Ваўкавыскага павету (цяпер Мастоўскі раён), якая з часам злілася з вёскай Гудзевічы. Амаль усё жыццё пражыў там, працуючы настаўнікам роднай мовы і літаратуры. Стварыў унікальны Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-гістарычны музей, які ўзначальваў больш за 30 гадоў.
У 1948 годзе малады настаўнік Алесь Белакоз напісаў на лістках заклік «Змагайцеся за незалежную Беларусь!» ды раскідаў іх з цягніка па дарозе ў Мінск. Потым раздабыў шрыфт і надрукаваў антысавецкія ўлёткі, якія з сябрамі распаўсюджваў у Гродна. Цудам пазбег арышту і сталінскай карнай сістэмы.
Заслужаны настаўнік Беларусі, заслужаны дзяяч культуры, адным з першых быў ушанаваны медалём імя Францішка Скарыны.
Пахаванне Алеся Белакоза адбудзецца 2 снежня ў вёсцы Гудзевічы.
