«З часоў Слуцкага збройнага чыну прайшло амаль 100 год. Гэта добры прыклад мужнасці беларускага народу, калі беларусы былі вымушаныя змагацца за сваю незалежнасць, варта пра гэта памятаць», — пракаментавала сайту Pyx.by экс-кандыдат у дэпутаты ў Слуцку Аліна Нагорная.
Яна адзначыла, што збор подпісаў распачнецца заўтра на акцыі да гадавіны паўстання, і будзе доўжыцца па ўсёй Беларусі некалькі месяцаў. Пасля гэтага подпісы будуць перададзеныя ў райвыканкам.
Нагорная прапануе далучыцца да акцыі ўсім ахвотным: трэба раздрукаваць падпісны ліст і сабраць подпісы ў неабыякавых грамадзянаў. Яна просіць запоўненыя паперы перапраўляць ёй, каб перадаць усе подпісы адначасова
«У лістападзе і снежні 1920 года Слуцкія паўстанцы змагаліся за усталяванне і прызнанне Беларускай Народнай Рэспублікі. Мы, беларускія грамадзяне, патрабуем усталяваць у Слуцку помнік нацыянальным героям, абаронцам незалежнасці Беларусі», — адзначаюць аўтары ініцыятывы.
Яны прапануюць усталяваць помнік па адрасе вул. Леніна 171, насупраць Слуцкага краязнаўчага музею. Назва помніка павінная быць: «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына».
Нагадаем, што ў гэтым годзе акцыя да Слуцкага збройнага чыну пройдзе 26 лістапада. Яна дазволеная ўладамі. Заяўнікамі акцыі ў Слуцку сталі старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, кіраўнік Мінскай абласной суполкі Руху Віталь Амяльковіч і намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў.
