
Камсамольская вуліца ў Слуцку, якую прапануюць перайменаваць у гонар Слуцкіх паўстанцаў
Па словах Віталя Амяльковіча, подпісы за ўшанаваньне памяці Слуцкіх паўстанцаў былі сабраныя яшчэ ў жніўні падчас парлямэнцкай выбарчай кампаніі.
«Мы пачалі зьбіраць подпісы сярод случакоў 27 ліпеня — такім чынам адзначылі дзень прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, — кажа Амяльковіч. — Пасьля гэтую справу прадоўжылі ў жніўні. Зьбіралі на вуліцах гораду. Случакі даволі прыязна паставіліся да ідэі ўшанаваньня памяці слуцкіх паўстанцаў і Слуцкага збройнага чыну ў лістападзе 1920-га году. Многія нічога ня ведалі пра гэтую гістарычную падзею і былі ня супраць увекавечаньня памяці герояў.
Сабраўшы больш за 500 подпісаў, вырашалі перадаць іх у райвыканкам у лістападзе, пасьля падачы заяўкі на правядзеньне мітынгу ў гонар угодкаў Слуцкага збройнага чыну, — кажа Віталь Амяльковіч. — Такім чынам хочам прыцягнуць увагу чыноўнікаў да гістарычнай несправядлівасьці, зьвязанай з замоўчваньнем падзеі».
«Вуліца Камсамольская, якая на пачатку 20-га стагодзьдзя мела назву Шырокая, выбрана невыпадкова, — тлумачыць выбар для перайменаваньня Зінаіда Цімошак, былая настаўніца з гэтага гораду. — Менавіта на цяперашняй вуліцы Камсамольскай насупраць будынку Слуцкай гімназіі ў 1920-м годзе знаходзіўся дом выбітнага беларускага дзеяча Эдварда Вайніловіча. У гэтым доме засядала Рада Случчыны і было прынята гістарычнае рашэньне змагацца з наступам расейскай Чырвонай арміі. Каб цалкам зьнішчыць памяць пра Слуцкі збройны чын, прыгожы дом Вайніловіча бальшавікі зруйнавалі ўшчэнт, а на яго месцы ў 30-я гады збудавалі электрастанцыю. З 60-х гадоў там гарадзкая кацельня, а над ёй бел-чырвоныя трубы».
У калектыўным звароце ў райвыканкам таксама гаворыцца, што новая назва вуліцы будзе спрыяць выхаваньню патрыятызму і незалежніцкай сьвядомасьці, якія патрэбныя беларусам у складаных зьнешніх умовах.
