Раман Marginalis выйдзе з друку толькі на пачатку лістапада, але ўжо быў прызнаны самым насычаным творам беларускай літаратуры ў колькасці персанажаў. У рамане аб’ёмам 251 944 знакі сустракаецца іх як мінімум 136.
Рэкорд афіцыйна быў зафіксаваны беларускім аналагам Кнігі рэкордаў Гінэса — праектам «Рэкорды Куфра».
Згодна з анонсам, Marginalis — насычаны і захапляльны філасофскі раман, дзеянне якога ахоплівае больш за трыста год, паўтары сотні персанажаў і дзясятак краін. Сюжэт разгортваецца вакол уладальнікаў старажытнай загадкавай кнігі.
Папярэдняя кніга Кірыла Стаселькі «Дзіцячы маніфест» выйшла летась і была намінаваная на шэраг літаратурных прэмій, сярод іншага, трапіла ў шорт-ліст прэміі «Дэбют» і лонг-ліст «Гедройця».
Кірыл Стаселька нарадзіўся ў Барысаве. У 2013 скончыў факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ у спецыяльнасці «Сацыялогія», у 2014 — магістратуру Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў пры НАН РБ. З’яўляецца выпускніком Беларускага калегіюму, Лятучага ўніверсітэта, Школы маладога пісьменніка пры ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і Школы маладых мэнэджэраў публічнага адміністравання (Беларусь, Швэцыя).
На гэты момант навучаецца ў аспірантуры Акадэміі навук, з’яўляецца дырэктарам «Агенцтва інфармацыйных тэхналогій «Буцэфал», кіраўніком інтэрнэт-часопіса infographer.by і каардынатарам праекту «Народны журналіст».
