«Зараз удзел людзей у несакцыяваных акцыях вядзе да масавых судоў і штрафаў, таму мы прынялі рашэнне не заклікаць людзей прыняць удзел у акцыі», — сказаў сайту Pyx.by старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.
Але, па ягоных словах, самі арганізатары (магчыма, з паплечнікамі) 7 лістапада ў 12.00 прыйдуць да будынку, прынясуць партрэты рэпрэсаваных сваякоў і запаляць знічкі ў гонар ахвяраў НКУС, КДБ і савецкай улады.
Акрамя таго, запланавана агучыць дзве ініцыятывы. Па-першае, палітыкі будуць збіраць прапановы па пераназванню вуліцаў Мінску, перад усім, савецкіх дзеячоў, якія прымалі ўдзел у рэпрэсіях.
«Такія вуліцы да гэтага часу засталіся ў сталіцы Беларусі. Напрыклад, вуліца Свярдлова, галоўнага ініцыятара „чырвонага тэрору“, які ўнёс жыцці мільёнаў людзей, ці вядомага ўсім Фелікса Дзяржынскага, у гонар якога названы цэлы праспект. Акрамя прапановаў па вуліцах, якія трэба прыбраць з мапы Мінску, мы будзем прымаць прапановы і па новых назвах у гонар нацыянальных дзеячоў», — дадаў Губарэвіч.
Па-другое, лідары правацэнтрыстаў агучаць на прыступках КДБ зварот і пачнуць збіраць пад ім подпісы за тое, каб са спісу дзяржаўных святаў прыбраць 7 лістапада. Палітыкі таксама прапануюць дадаць новыя дзяржаўныя святы: Дзень Волі (25 сакавіка ) і Дзень беларускай вайсковай славы (8 верасня).
Правацэнтрысты прапануюць усім неабыякавым беларусам далучыцца да іншых тэматычных мерапрыемстваў 7 лістапада: у 15.00 пройдзе экскурсія ў Курапаты (+375 (29) 571-26-11 валерыя).
