
Яны трымалі бел-чырвона-белыя сцягі і гучна скандавалі лозунгі падтрымкі: «Жыве Беларусь!», «Свабоду!», «Не быць скотам!», «Верым! Можам! Пераможам!», «Эдуард! Мы з табой! Не здавайся! Ты — герой!», «Эдуарду Пальчысу свабоду!», «Дайце волю і свабоду беларускаму народу!», «Патрыятызм — не экстрымізм».
Нягледзячы на тое, што на вуліцы ліў дождж, а на ўдзельнікаў акцыі складаліся адміністрацыйныя пратаколы (агулам за усе дні пікетавання складзена блізу 70 пратаколаў), настрой грамады быў баявы. Прыхільнікі Эдуарда ўпэўненыя, што словы, якія добра чуваць у залі суда, будуць моцнай маральнай падтрымкай Эдуарду Пальчысу, які знаходзіўся ў той момант на лаве падсудных.
Пракурор у заключным слове запрасіў 3 з паловай гады зняволення для Эдуарда Пальчыса. Абвяшчэнне прысуду прызначана на 28 кастрычніка.
Нагадаем, стваральніка сайта 1863х.com, на якім змяшчаліся матэрыялы з негатыўнай ацэнкай вялікаімперскай палітыкі Расіі, Эдуарда Пальчыса вінавацяць у распальванні варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў (арт. 343 КК). Пальчыс быў затрыманы ў Расіі, потым перададзены ў Беларусь, і ўжо 9 месяцаў, колькі ішло следства, знаходзіцца за кратамі. Праваабаронцы прызналі Эдуарда Пальчыса палітзняволеным.
