Удзельнікі грамадзянскай ініцыятывы “Жанчыны супраць фальсіфікацый” раздалі тэматычныя ўлёткі мінакам і сябрам акруговай камісіі.
Як распавяла Радыё "Рацыя" намесніца старшыні руху “За свабоду” Галіна Скараход, улёткі адмыслова раздавалі ў белых пальчатках.
– Працуем у белых пальчатках. Яны сімвал таго, што камісіі павінны лічыць галасы адкрыта, празрыста і сумленна. Мы прыехалі ў Калінкавічы, каб нагадаць сябрам камісій пра адказнасць за фальсіфікацыю выбараў. Ва ўлётцы якраз нагадваецца пра тое, што нашы выбары не прызнаюцца сумленнымі міжнароднай супольнасцю.
Падчас датэрміновага галасавання на Гомельшчыне працуе 988 выбарчых участкаў. Датэрміновае галасаванне працягнецца да 10 верасня.
