8 жніўня быў зарэгістраваны сябра Рады Руху «За Свабоду» Алесь Таўстыка.
«У камісію акруговую пайду ў сераду. Падрыхтую спіс давераных асобаў. Тэкст праграмы і пункты дзеяння ў мяне ўжо гатовыя. Агітацыйная кампанія пройдзе яскрава, цікава, з тэматычнымі пікетамі, падрыхтаваныя інфармацыйныя стэнды», — сказаў Pyx.by Алесь Таўстыка.
«На нашай акрузе 6 кандыдатаў, але будзем працаваць на перамогу», — падкрэсліў Pyx.by сябра Руху «За Свабоду» Віктар Янчурэвіч.
Ён нагадаў, што дзяржаўнага фінансавання кампаніі зараз няма, то ягоная каманда будзе рабіць «стаўкі на сустрэчы, сходы з выбаршчыкамі, шукаць ахвяраванні для выбарчага фонду».
«Пасяджэнне адбылося даволі хутка: усе прэтэндэнты былі зарэгіставаныя. У тым ліку і ў тых кандыдатаў, якіх я магу назваць праўладнымі, у якіх былі фінансавыя парушэнні. Сумы, якія яны забываліся задэклараваць, былі даволі істотныя, па 5 мільёнаў», — распавёў Pyx.by каардынатар па Мінску Руху «За Свабоду» Юрась Меляшкевіч.
Ён адзначыў, што прайшло лёсаванне выступаў на тэлебачанні, і яму дастаўся выступ 22 жніўня.
«Новая акалічнасць гэтай выбарчай кампаніі: удзел у дэбатах. Я адзначыў, што хацеў бы ўдзельнічаць, калі такія будуць арганізаваныя», — дадаў Меляшкевіч.
Па ягоных словах, на рэгістрацыі была прыязная атмасфера, не апошнюю ролю ў гэтым сыгралі прысутныя міжнародныя назіральнікі.

