«Чарговы напад на пікет. Гінтаута 12. Гэтым разам з нажом. Зборшчык не пацярпеў, але абрэзалі сцяг. Нападнік падыходзіў да пікета двойчы. Першы раз каб запытаць якую структуру прадстаўляе кандыдат, а другі, схадзіўшы да дому за нажом ці нейкім іншым вострым прадметам, са словамі: „Возьму себе на портянки“, — абрэзаць сцяг», — апісаў сітуацыю ў сябе ў Facebook Юрась Губарэвіч.
Гэтую інфармацыю пацвердзіў сайту Pyx.by і Зміцер Траццяк, які на момант нападу як раз збіраў подпісы. Кажа, што нападнік абрэзаў сцяг, калі ён запісваў дадзеныя жанчыны, і збег. Адзінае, што атрымалася, сфатаграфаваць мужчыну са спіны (Трацяк кажа, што мужчына былы вайсковец, бо ў яго была адпаведная татуіроўка).
Па ягоных словах, па здымку са спіны міліцыянты знайшлі падазронага ў нападзе на запісах у краме, ля якой стаяў пікет. Кадры з відэа яны паказалі сведкам, якія апазналі нападніка.
«Следчыя пайшлі ў бліжэйшую краму і знайшлі па адзенню на фота, што я зрабіў, яго на відэа з камераў назірання, — патлумачыў зборшчык подпісаў. — Паказаў мне: „Гэты?“ „Гэты“, — кажу. Бабке паказаў, якая была сведкай, яна таксама пацвердзіла».

Зараз ідзе ідэнтыфікацыя падазронага ў нападзе.
«Ачмураныя рэжымнай і расійскай прапагандай людзі шукаюць простыя шляхі каб выплюхнуць сваю агрэсію. Адно радуе, што такіх меншасць. Нават за час, калі цягнулася разбіральніцтва, многія падыходзілі каб выказаць падтрымку і запытаць, ці міліцыя не перашкаджае збіраць подпісы», — пракаментаваў Губарэвіч.

Гэта не першы напад на ягоны пікет. 10 ліпеня Двое мужчынаў абражалі нацыянальныя сімвалы і ўдзельнікаў пікету, а потым здзейснілі напад на пікетоўшчыкаў. Міліцыя затрымала правакатараў.
Следчых дзеянняў па гэтай справе пакуль не праводзяць: Аляксандр Русевіч зняў пабоі, 12 ліпеня прайшла вочная стаўка з нападнікамі.
Па словах Русевіча, яму сказалі, што цяпер яны з нападнікамі пабачацца толькі ў судзе.
