Пятрухін адзначыў, што рэгулярна бывае ў лазні і добра ведае яе наведвальнікаў:
— Тут мяне ўсе ведаюць, глядзяць мой канал. І вельмі ўдала я назбіраў подпісы — іх больш за 100. Спачатку я збіраю іх каля лазні, пасля іду ў лазню. І там людзі падпісваюць, спалучаючы прыемнае з карысным.
Таксама на днях блогер Сяргей Пятрухін арганізаваў збор подпісаў каля беларуска-польскай мяжы, дзе штодня ствараецца чарга з аўто.
Ініцыятыўная група Пятрухіна таксама прыняла рашэнне звярнуцца да прадстаўніка вайсковой часткі 2087 Берасцейскай Чырвонасцяжнай памежнай групы палкоўніка Гутніка з просьбай дазволіць збор подпісаў там. Частка знаходзіцца на тэрыторыі выбарчай акругі Пятрухіна, паведаміў кіраўнік ініцыятыўнай групы, сябра Руху «За Свабоду» Сяргей Вакуленка:
— Гэтая вайсковая частка знаходзіцца на тэрыторыі Ленінскага раёна. Мая заява была прынята, але адмовіліся на другой копіі ставіць подпіс. Сказалі, што ператэлефануюць, аднак не ператэлефанавалі. Таму мы спадзяемся, што разумнасць будзе і нам будзе прадстаўлена магчымасць збору подпісаў у вайсковай частцы памежнай заставы.
Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы Сяргея Пятрухіна кажуць, што ў выпадку адмовы, яны будуць вымушаныя звярнуцца ў акружную і абласную камісіі, а таксама ў ЦВК.
