Задаволіць скаргу суд адмовіўся, аднак у часе разбіральніцтва прадстаўнікі Руху «За Свабоду» мелі магчымасць азнаёміцца з цікавым дакументам, з якога вынікае, што яшчэ 20 чэрвеня старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс падпісаў распараджэнне «Аб стварэнні рабочых груп».
У распараджэнні гаворыцца, што рабочыя групы ствараюцца «дзеля вывучэння дзелавых і палітычных якасцяў асоб, якія вылучаныя ў склад акруговых выбарчых камісій». Кіраўнікам рабочых груп было загадана прадставіць інфармацыю па кожнай кандыдатуры з рэкамендацыямі па фармаванню складу акруговай выбарчай камісіі да 10 гадзін раніцы 27 чэрвеня ў галоўнае ўпраўленне арганізацыйна-кадравай работы Брэсцкага абвыканкама. Між тым, менавіта 27 чэрвеня ў другой палове дня адбылося сумеснае паседжанне аблвыканкама і прэзідыюму абласнога Савета дэпутатаў наконт фармавання выбарчых камісій.
Як адзначыў Дзяніс Турчаняк, «быць ці не быць вылучанаму кандыдату ў складзе выбаркаму фактычная вырашалі нейкія рабочыя групы, статус якіх не вызначаны заканадаўствам, і як трапіць у такую групу — невядома, бо ствараюцца яны паводле асабістага распараджэння кіраўніка абласной выканаўчай улады без удзелу Савета дэпутатаў». Прадстаўнік Руху «За Свабоду» лічыць, што ў такіх абставінах само паседжанне аблвыканкама і прэзідыюму абласнога Савета дэпутатаў «ператвараецца ў фікцыю і гульню на публіку, бо ўсё вырашана яшчэ да пачатку паседжання».
Праваабаронца Раман Кісляк лічыць гэтую працэдуру стварэння выбаркамаў абсалютна непразрыстай, і яна з’яўляецца грубым парушэннем правоў грамадзян абіраць і быць абранымі на сапраўдных выбарах.
