Большасьць сябраў аргкамітэту выказаліся на паседжаньні за тое, што ўнівэрсытэт павінен быць зарэгістраваны ў Беларусі, хоць некаторыя і перакананыя, што гэта немагчыма.
«Цяжка ўявіць, што ўлада лёгка пойдзе на такі крок, але спрабаваць трэба і трэба ставіць гэтае пытаньне, — заявіў сустаршыня аргкамітэту Аляксандар Мілінкевіч. — Таму што, я думаю, і ва ўладзе многія людзі разумеюць, што трэба, каб былі людзі ня толькі высока адукаваныя для рэформаў, неабходных у Беларусі, але і яшчэ і зь Беларусьсю ў сэрцы. То бок з нацыянальнай сьвядомасьцю, адчуваньнем сваіх каранёў, веданьнем культуры — гэта вельмі важна. Хто гэтага не разумее, той, у той ці іншай ступені, спрыяе пранікненьню сюды „русского мира“».
Акрамя дазволу ўлады, мяркуе Мілінкевіч, вельмі важная воля грамадзянскай супольнасьці Беларусі, людзей культуры і навукоўцаў.
«Я лічу якраз, што ідэя стварэньня ўнівэрсытэту (яшчэ невядома, ці будзе ён, хоць я веру, што шанцы добрыя ёсьць) шмат каго аб’яднала — нават тых людзей, якія ня мелі паміж сабой добрых адносінаў. Нельга сказаць, што беларуская дэмакратычная супольнасьць дэманстравала часта аб’яднанасьць, а вось тут яна ёсьць. І гэта, на мой погляд, адзін з найбольш важных момантаў. Прытым цяпер для Беларусі вельмі важныя ня проста чарговыя праграмы падтрымкі дэмакратыі.
Самае важнае — гэта стратэгічныя доўгатэрміновыя праекты, і Нацыянальны ўнівэрсытэт менавіта такі. Бо, ведаеце, мы кажам, што перашкода ўсяму — аўтарытарны рэжым, і гэта сапраўды сур’ёзна. Але ўявім сабе, што заўтра няма гэтага аўтарытарнага рэжыму. А ці ёсьць дастаткова людзей, якія ведаюць досьвед суседніх краінаў, як яны рабілі рэформы, якія маюць сучасную гуманітарную адукацыю? Інжынэраў-праграмістаў мы рыхтуем добрых, а ёсьць вялікія праблемы з гуманітарнай адукацыяй, якая застаецца архаічнай, савецкай і прарасейскай», — лічыць сустаршыня аргкамітэту.
Сустаршыні аргкамітэту па стварэньні Нацыянальнага ўнівэрсытэту — Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Колас і Алег Трусаў. У лік сяброў аргкамітэту ўваходзяць Лявон Баршчэўскі, Уладзімер Мацкевіч, Ірына Дубянецкая, Павал Церашковіч ды іншыя.
ІК
