Нагадаем, актывісты Руху «За Свабоду» у Брэсце правялі выбарчы эксперымент: прыйшлі прагаласаваць на ўчасткі пад час датэрміновага галасавання, узялі бюлетэні, але апускаць іх у ўрны не сталі, а кінулі туды лісты паперы. На двух участках камісіі не знайшлі ні недахопу бюлетэняў, ні лістоў паперы пры падліку. Пададзеныя заявы ў пракуратуру па факце падробкі дакумантаў і заведама няправільнага падліку галасоў. Раней раённая пракуратура адмовілася займацца справай і таксама «спусціла» яе ў выбаркам.
«Накіроўваю ў ваш адрас для далучэнне да матэрыялаў праверкі зварот Турчаняка Д. па пытаннях падлога выбарчых бюлетэняў і заведама няправільнаму падліку галасоў на выбарчым участку № 60», — сказана ў звароце намесніка старшыні аддзела ўнутраных справаў адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста С. Старыкевіча да Маскоўскай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта. Копіі гэтага дакумента былі дасланыя Турчаняку і Вакуленку.
«Як бачна з ліста РАУСа, мая заява пра завядзенне крымінальнай справы накіраваная ў маскоўскі раённы выбаркам г. Брэста, які не з’яўляецца органам крымінальнага пераследу і не мае кампетэнцыі ўзбудзіць крымінальную справу», — пракаментаваў адказ сайту Pyx.by Дзяніс Турчаняк.
Па словах сябра Рады Руху «За Свабоду», як толькі ён даведаўся з адказа РАУС, што яны не правялі праверку і адправілі заяву пра завядзенне крымінальнай справы ў камісію, ён адразу ж паскардзіўся пракурору Брэста. «Цяпер слова за пракурорам», — падкрэсліў Турчаняк.
Аналагічную скаргу накіраваў і Сяргей Вакуленка. Актывісты Руху «За Свабоду» просяць пракурора «прызнаць неправядзенне праверкі» «парушэннем Крымінальна-працэсуальнага кодэксу», «даць указанне аддзелу ўнутраных справаў адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста правесці аб’ектыўную і поўную праверку», «пры наяўнасці падставаў узбудзіць крымінальную справу».
