На 450 выбарчых участках назіральнікі кампаніі валодалі лічбамі аб агульнай колькасці грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі выбарчых ўчасткаў, што дала магчымасць зрабіць падлік яўкі выбаршчыкаў.
Такім чынам на 450 выбарчых участках у асноўны дзень галасавання па падліку назіральнікаў прагаласавада 336577 чалавек. Паводле афіцыйных звестак — 368878 чалавек. Разыходжанне ў падліку колькасці прагаласаваўшых грамадзян склала — 32 301 чалавек, альбо 9,6%. Яўка ў асноўны дзень галасавання на гэтых участках па звестках назіральнікаў склала 42,2%.
У Мінску ў асноўны дзень галасавання, на 82 выбарчых участках, дзе назіральнікі валодалі лічбамі аб агульнай колькасці грамадзян, у асноўны дзень галасавання прагаласавала 58 476 выбаршчыкаў. Паводле афіцыйных звестак на гэтых жа ўчастках прагаласавала 63 022 чалавекі. Разыходжанне ў падліку колькасці прагаласаваўшых грамадзян склала — 4 546 чалавек, альбо 7,8%. Яўка па Мінску ў асноўны дзень галасавання на гэтых участках па звестках назіральнікаў склала 40,7%.

Па звестках назіральнікаў кампаніі «Права выбару-2015», якія мелі поўныя звесткі аб агульнай колькасці грамадзян, якія зарэгістраваны на 552 выбарчых участках яўка на датэрміновам галасаванні ў цэлым па краіне склала 29,8%. Па афіцыйных звестках яўка на гэтых жа ўчастках склала 31,1%. У цэлым па краіне, па афіцыйных звестках ЦВК яўка склала 36,05%.
Па падліку назіральнікаў найбольшае разыходжанне ў яўцы выбаршчыкаў у асноўны дзень галасавання выяўлена на наступных участках:
№ 2 Мазыр, Гомельская вобласць: па звестках назіральнікаў — 280 чалавек, па афіцыйных звестках — 584 чалавек. Розніца складае 304 чалавекі, альбо 108%;
№ 51 Мікашэвічы, Брэсцкая вобласць: па звестках назіральнікаў — 781 чалавек, па афіцыйных звестках — 1148 чалавек. Розніца складае 367 чалавек, альбо 47%;
№ 16 Цэнтральны раён Мінска: па звестках назіральнікаў — 633 чалавек, па афіцыйных звестках — 1223 чалавекі. Розніца складае 590 чалавек, альбо 93,2%.
Усяго назіральнікамі кампаніі «Права выбару-2015» у дзень асноўнага назірання было пададзена 509 скаргаў. Агульная колькасць скаргаў, якія назіральнікі падалі ў выбарчыя камісіі за ўвесь час назірання склала 900. За увесь час галасавання было пазбаўлена акрэдытацыі 36 назіральнікаў. Рэкорд па выдаленні з выбарчых участкаў паставіў назіральнік, сябра Рады Руху «За Свабоду» Арцём Лява. Яго члены ўчастковых выбарчых камісій выдалялі тры разы.
Найбольш часта фіксуемымі інцыдэнтамі назіральнікамі «Права выбару-2015» у асноўны дзень галасавання былі: пазбаўленне акрэдытацыі назіральнікаў, недопус назіральнікаў да падліку галасоў, а таксама непрадастаўленне інфармацыі аб спісах выбаршчыў, колькасці прагаласаваўшых і іншае.
У дзень аснонага галасавання прадоўжылася маніпуляцыя са спісамі выбаршчыкаў. На раніцу 11 кастрычніка агульная колькасць выбаршчыкаў па дадзеных, прадастаўленых назіральнікам членамі ўчастковых выбарчых камісій на 584 участках склала 1042008 чалавек, а па выніках дадзеных напісаных у выніковых пратаколах гэтая лічба склала 1015137 чалавек, што склала розніцу ў 26871 чалавека, альбо 2,7%.
Назіральнікі кампанія назірання «Права выбару — 2015», якія ажыццяўляюць назіранне на 642 выбарчых участках па усёй краіне зафіксавалі, што на 106 з іх галасаваць па месцу жыхарства па дадзеных участковых камісіі выказалі жаданне больш за 100 чалавек.
На некаторых з участкаў колькасць жадаючых прагаласаваць на даму ўвогуле зашкалівала. Найбольшая колькасць жадаючых прагаласаваць на даму была зафіксавана на наступных выбарчых участках: г. Віцебск, Кастрычніцкі раён, участак № 5 — 577 чалавек; г. Орша, ўчастак № 16 — 503 чалавекі; г. Полацк, ўчастак № 10 — 491 чалавек, Віцебская вобласць, г.п. Езярышча, участак № 8 — 481 чалавек, г. Магілёў, Ленінскі раён, участак № 41 — 400 чалавек.
Тое, што такая колькасць чалавек нават фізічна не можа прагаласаваць па месцы жыхарства яскрава дэманструе прыклад такога галасавання, які быў зафіксаваны на ўчастку № 8 у горадзе Орша. Там па дадзеных камісіі яшчэ з самай раніцы выказалі жаданне прагаласаваць па месцы жыхарства каля 350 чалавек (дакладную лічбу кіраўнік выбарчай камісіі адмовілася прадаставіць). У 10.00 выехала 2 групы па 2 чалавекі з ліку сябраў участковай выбарчай камісіі. Адна група ўзялася аб’язджаць 50 чалавек, другая — 300 чалавек. Узяць з сабой назіральнікаў, група якая мела намер аб’ехаць 300 чалавек, катэгарычна адмовілася, спаслаўшыся на адсуднасць свабодных месцаў у машыне. Вярнулася гэта группа ў 15.50. Такім чынам, 300 чалавек яны паспелі аб’ехаць за 4 гадзіны 50 хвілін. На аднаго чалавека камісія траціла 1 хвіліну 10 секунд. Ці рэальна гэта? Канешне не. На гэтым жа участку быў зафіксаваны выпадак, калі на датэрміновае галасаванне запісаўся памерлы ў верасні грамадзянін.
Каардынатар кампаніі назірання «Права выбару», кіраўнік магілёўскай філіі Руху «За Свабоду» Алесь Сілкоў лічыць, што выбары адбываюцца па сцэнары папярэдніх выбарчых кампаній:
— Сыходзячы з таго, што не было адкрытага падліку галасоў мы канстатуем, што выбарчая сістэма Беларусі прадэманстравала чарговую негатоўнасць да свабоднага і адкрытага галасавання. На жаль мы канстатуем, што краіна яшчэ на пяць год стала закладніцай недэмакратычнай улады.
Агульныя высновы назірання ў асноўны дзень галасавання падвёў яшчэ адзін з каардынатараў кампаніі «Права выбару-2015» Дзяніс Садоўскі:
— Тое, што мы назіралі падчас датэрміновага галасавання і на этапе фарміравання выбарчых камісій прадоўжылася і ў асноўны дзень галасавання. Нашы назіральнікі зафіксавалі маніпуляцыю з яўкай і спісамі выбаршчыкаў, а таксама маніпуляцыі з колькасцю запісаўшыхся прагаласаваць на даму. Усё гэта, а таксама недопуск нашых назіральнікаў да падліку галасоў, дае нам падставы лічыць гэтыя выбары несвабоднымі і недэмакратычнамі, а іх вынік сфальсіфікаваным.
У кампанію па назіранні за выбарамі «Права выбару-2015» уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, «Гавары праўду!», «Рух «За Свабоду!», Партыя БНФ, Беларуская партыя «Зялёныя», незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.
Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.
