На участках, дзе кампанія назірання «Права выбару-2015» здзяйсняла назіранне, у 276 выпадках камісіі адмовіліся апячатваць памяшканні, дзе застаюцца на ноч скрыні для галасавання, чым, на нашую думку, парушылі палажэнні арт.53 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь аб забеспячэнні старшынёй участковай выбарчай камісіі захаванасці скрынь для галасавання. На думку каардынатараў кампаніі гэта ўжо сведчыць пра тое, што як сам працэс галасавання, так і будучы падлік галасоў будуць праходзіць непразрыста, ствараючы шматлікія магчымасці для фальсіфікацыі вынікаў галасавання.
Усяго 6 кастрычніка 2015 года назіральнікамі кампаніі «Права выбару-2015» было пададзена 54 скаргі на парушэнне выбарчага заканадаўства. Фіксаваліся выпадкі адмовы старшынямі камісій прымаць скаргі назіральнікаў (г.Мінск, Ленінскі раён, выбарчы ўчастак № 24).
Напрыклад, на выбарчым участку № 29 у а.г.Акцябр Буда-Кашалёўскага раёна, а таксама на выбарчым участку № 33 у Наваполацку назіральнікі не прыступілі да сваёй працы, бо начальства з іх працы пагражала ім растаржэннем працоўных кантрактаў.
На выбарчым участку у № 42 у Ленінскім раёне Магілёва быў заўважаны агітацыйныя плакаты з Аляксандрам Лукашэнкай, а таксама яго перадвыбарчым лозунгам «За будучыню незалежнай Беларусі», які знаходзіўся побач з агульнай інфармацыяй пра кандыдатаў у Прэзідэнты.
Назіральнікі таксама зафіксавалі прымусовае галасаванне на шэрагу выбарчых участках, дзе знаходзяцца навучальныя ўстановы, а таксама інтэрнаты.
Па дадзеных назіральнікаў, яўка на выбарчых участках, дзе ажыццяўляецца назіранне, склала ад 0,3% да 23,2% (участкам-рэкардсменам стаў выбарчы ўчастак № 21 у Слуцку. На ім прагаласавала 141 чалавек з 607. Найменьшая колькасць прагаласаваўшых была зафіксавана ў Барысаве на выбарчым участку № 27, дзе за першы дзень прагаласавала ўсяго 3 чалавекі). У тым самым дыяпазоне знаходзяцца і працэнтныя дадзеныя камісій. Аднак, на некаторых участках яны ўсё ж разыходзяцца, і даволі істотна. У сярэднім разыходжанне ў яўцы паміж дадзенымі назіральнікаў кампаніі «Права выбару-2015» і афіцыйнымі звесткамі склала 3,75%. Адпаведна па афіцыйных дадзеных з 592 выбарчых участкаў дзе камісія прадаставіла звесткі аб агульнай колькасці выбаршчыкаў на ўчастку, за першы дзень датэрміновага галасавання прагаласавала 3,32%, а па дадзеных назіральнікаў «Права выбару-2015» — 3,2%.
Так, напрыклад, найбольшае разыходжанне ў яўцы было выяўлена у Брэсце ў Маскоўскім раёне на выбарчым участку № 67, дзе па падліку назіральнікаў прагаласавала 83 чалавекі, а па дадзеных камісіі — 183.
У Магілёве, у Ленінскім раёне, на выбарчым участку № 51 па дадзеных назіральнікаў прагаласавала 35 чалавек, па дадзеных камісіі — 115 чалавек.
У Мінску, у Кастрычніцкім раёне, на выбарчым участку № 58 па дадзеных назіральнікаў прагаласавала 386 чалавек, а па дадзеных камісіі — 443.
Падчас назірання назіральнікі зафіксавалі наступныя інцыдэнты:
— адмова ў акрэдытацыі назіральнікаў — 3 выпадкі;
— пазбаўленне назіральніка акрэдытацыі (выдаленне з участка) — 2 выпадкі;
— незабеспячэнне назіральніку годных умоваў назірання — 28 выпадкаў;
— прымус выбаршчыкаў да датэрміновага галасавання — 9 выпадкаў;
— невывешванне копіі пратакола штодзённага выніку галасавання — 5 выпадкаў;
— галасаванне іншымі асобамі замест непрагаласаваўшых выбарцаў — 3 выпадкі.
— таксама зафіксаваны шэраг іншых больш дробных парушэнняў.
Адзін з каардынатараў кампаніі назірання «Права выбару-2015», каардынатар Руху «За Свабоду» па Магілёўскай вобласці Алесь Сілкоў лічыць, што ўжо ў першы дзень датэрміновага галасавання некаторыя камісіі паставілі крыж на свабодных, сумленных і адкрытых выбарах.
— Звесткі, якія мы атрымліваем з выбарчых участкаў ад нашых назіральнікаў сведчаць пра тое, што выбары ў краіне адбываюцца па ўжо загадзя адладжанаму сцэнару. Ніякіх істотных зменаў у працэсе арганізацыі і правядзенні выбараў няма. Як і раней — назіральнікі назіраюць выбары з цяжкадаступных месцаў, лічбы назіральнікаў і членаў выбарчых камісій аб колькасці прагаласаваўшых разыходзяцца, зафіксаваны выпадкі прымусовага галасавання. У гэтай выбарчай кампаніі ўладзе важна легалізаваць выбары праз яўку, бо ўпершыню фаварытам з’яўляецца дзеючы Прэзідэнт, аднак людзі не бачучы рэальнай альтарнатывы могуць прагаласаваць нагамі, — гаворыць Алесь Сілкоў.
У кампанію па назіранні за выбарамі «Права выбару-2015» уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, «Гавары праўду!», «Рух «За Свабоду!», Партыя БНФ, Беларуская партыя «Зялёныя», незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.
Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.
