Рускамоўны электронны каталог рашэнняў Камітэтаў ААН па індывідуальных скаргах стварылі эксперты Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава пры падтрымцы Сеткі дамоў правоў чалавека. Паводле словаў Рамана Кісляка, у каталогу — 150 рашэнняў Камітэта па правах чалавека, Камітэта па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын і Камітэта па правах інвалідаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
У прыватнасці, у каталогу ёсць рашэнне Камітэта па правах чалавека па справе Аляксандра Казуліна. Камітэт прызнаў парушаным права палітыка на справядлівае судовае разбіральніцтва, права на гуманнае абыходжанне з зняволенымі, права на свабоду і асабістую недатыкальнасць. Экс-кандыдат у прэзідэнты быў затрыманы 25 сакавіка 2006 года і асуджаны на пяць з паловай гадоў пазбаўлення волі за «злоснае хуліганства і арганізацыю масавых беспарадкаў».
«Гэта першы рускамоўны каталог з магчымасцю пошуку неабходных рашэнняў па розных крытэрах. Да гэтага часу такія каталогі былі толькі на англійскай мове, — адзначыў Кісляк. — Каталог распрацаваны для таго, каб юрысты, адвакаты, супрацоўнікі праваабарончых арганізацый, іншыя зацікаўленыя асобы мелі магчымасць азнаёміцца з рашэннямі Камітэтаў ААН без неабходнасці марнаваць на пошук шмат часу і сіл».
Раман Кісляк таксама паведаміў, што эксперты праграмы «Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў» будуць аператыўна размяшчаць новыя рашэнні Камітэтаў, а таксама папаўняць базу раней прынятымі рашэннямі. У планах публікаваць таксама рашэнні Камітэта супраць катаванняў і Камітэта па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі. Да канца года мяркуецца ўключыць у каталог больш за 1000 рашэнняў.
Праграма «Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў» рэалізуецца з мэтай навучання юрыстаў і праваабаронцаў міжнародным інструментам абароны правоў чалавека, садзейнічання імплементацыі міжнародных стандартаў правоў чалавека ў нацыянальную практыку і забеспячэння лепшай абароны ахвяр парушэнняў правоў чалавека.
