Ініцыятарам сустрэчы з удзелам экспертаў, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, адукацыйных і культурніцкіх праектаў, а таксама мас-медыяў стаў старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.
«Непасрэднай нагодай для сустрэчы стаў зварот 57 дзеячаў культуры і грамадскіх лідараў Беларусі, у якім была агучана прапанова да грамадзянскай супольнасці аб’яднацца вакол ідэі нацыянальнага ўніверсітэта ды прыкласці супольныя намаганні дзеля ягонага стварэння», — паведаміў ён сайту Pyx.by.
Па словах Мілінкевіча, «пад час дыскусіі былі абмеркаваныя стратэгічныя пытанні рэалізацыі новага праекта, місія нацыянальнага ўніверсітэта і перспектывы супрацоўніцтва зацікаўленых бакоў».
У якасці магчымага фармату новай адукацыйнай установы быў прапанаваны нацыянальны даследчыцкі сеткавы ўніверсітэт. «Нацыянальны — значыць, накіраваны на карысць не дзяржавы, а краіны. Прыярытэтамі павінны стаць беларускія даследаванні, першаснасць беларускай мовы (з шырокім спектрам замежных), стварэнне шырокай адукацыйнай супольнасці, а таксама масіву падручнікаў і тэкстаў, распрацоўка прафесійнай тэрміналогіі», — падкрэсліў ініцыятар нарады.
Даследчыцкі — арыентацыя на навуковыі пошук для Беларусі і пра Беларусь, супольная праца над актуальнымі праблемамі краіны і рэгіёну, выкладанне даследчыцкіх метадалогіяў. Сеткавы — з шырокім спектрам партнёраў і адсутнасцю жорсткай геаграфічнай лакалізацыі ў канкрэтным горадзе ці краіне, адзначылі арганізатары.
Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі, што праект знаходзіцца на старце сваёй распрацоўкі і ён патрабуе далейшых супольных высілкаў. На сустрэчы было вырашана стварыць Кансультатыўную Раду Нацыянальнага Універсітэта. Першай ініцыятывай Рады ў бліжэйшы час павінна стаць арганізацыя шырокага грамадскага абмеркавання датычна будучага праекта.






