Сёння адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная правядзенню «Чарнобыльскага шляху», які павінен адбыцца ў наступную нядзелю 26 красавіка а 14:00. На прэс-канферэнцыі прысутнічаў увесь склад аргкамітэта акцыі: прадстаўнік руху салідарнасці «Разам» Ілля Дабратвор, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, прадстаўнік Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук, першы намеснік старшыні Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
Юрась Губарэвіч заклікае разам выступіць супраць трох беларускіх «Чарнобыляў»: экалагічнага, палітычнага і сацыяльнага.
— Чарнобыльскі шлях важны для кожнай беларускай сям’і, бо амаль 30 гадоў, якія прайшлі з моманту Чарнобыльскай катастрофы, нічога ў плане стаўлення ўладаў да грамадства не мяняецца, — распавёў ён «Хартыі-97».
У савецкі час, кажа Губарэвіч, «у першыя гады пасля Чарнобыля, Чарнобыльскі шлях асацыяваўся выключна з экалагічнай катастрофай, з тымі праблемамі і хваробамі, якія абрынуліся і на жыхароў забруджанай зоны, і на ліквідатараў, і на чальцоў іх сем’яў».
«Гэта стала доказам таго, што тая, савецкая ўлада, абыякава ставілася да грамадзян. Улада не распачала неабходных захадаў для таго, каб захаваць жыццё і здароўе людзей. Пераемнікам савецкай улады стаў рэжым Лукашэнкі, таму акрамя „экалагічнага Чарнобыля“ сёння можна казаць пра „палітычны Чарнобыль“. Гэта выяўляецца ў тым, што беларускія грамадзяне пераследуюцца за свае погляды, не маюць магчымасці ўплываць на ўладу і выбіраць яе. А ўлада, адпаведна, грамадства не чуе і не жадае браць у разлік», — падкрэсліў першы намеснік старшыні Руху.
І цягам апошніх гадоў, дадаў ён, яшчэ можна казаць і пра «Чарнобыль сацыяльны».
«Ён выяўляецца ў апошніх заканадаўчых ініцыятывах улады, калі яна запусціла руку ў кішэні самых малазабяспечаных слаёў насельніцтва. Праз сталы эканамічны крызіс пагаршаецца становішча пенсіянераў — а гэта асноўная апора сённяшняга рэжыму. Людзі, якія губляюць працу, або вымушаныя шукаць новую працу праз малыя заробкі, ператвараюцца ў нашай краіне ў „дармаедаў“ і зноў штосьці вінныя дзяржаве. Усе гэтыя з’явы аб’ядноўвае тое, што ўлада не падкантрольная і не адказная перад беларускім грамадствам. Таму калі мы заклікаем людзей выходзіць на Чарнобыльскі шлях, мы адначасова гаворым пра ўсе тры нашы „Чарнобылі“: і пра экалагічны, і пра палітычны, і пра сацыяльны», — сказаў палітык.
— Як настроены арганізатары акцыі, чаго чакаеце ў гэтым годзе?
— Цяжка прадказаць, колькі будзе ўдзельнікаў, але мяркуючы паводле прагнозаў, надвор’е не стане перашкодай. Хутчэй людзям можа перашкодзіць выйсці і не выказаць свой пратэст публічна атмасфера страху і абыякавасці. Бо менавіта гэтыя фактары і прымушаюць людзей трываць усё, што адбываецца ў краіне. Але мы спадзяемся на тое, што людзі ўсё ж возьмуць удзел у гэтай акцыі, бо гэта, як раз, легальная магчымасць выказаць свой пратэст, паказаць, што мы ўсе — разам, што мы памятаем пра нашае гора і што мы пратэстуем супраць іншых праблем, палітычных.
Нагадаем, 10 красавіка ў Менгарвыканкам была пададзеная заяўка на правядзенне «Чарнобыльскага шляху» 26 красавіка. Арганізатары папрасілі гарвыканкам дазволіць правядзенне акцыі ў ў наступным фармаце: збор каля кінатэатра «Кастрычнік» з 14 да 15 гадзін і шэсце па вуліцы Сурганава да царквы ў гонар абраза Божай Маці «Адшуканне палеглых», размешчанай побач з паркам Дружбы Народаў без мітынгу. Адказ ад Менгарвыканкама быў атрыманы 17 красавіка з невялікімі зменамі.
