Гутарка з госцем праграмы «Размова Калінкінай» Аляксандрам Мілінкевічам на «Белсаце».
«Змяніліся абставіны. Мы — грамадская арганізацыя, хоць маем, і шчыра пра гэта кажам, палітычныя мэты. Напрыклад, вольныя выбары. Мы далучыліся да працэсу, бралі ўдзел у паседжаннях „сямёркі“ дзеля кансалідацыі — гэта была адзіная сур’ёзная мэта для нас. І калі праз столькі месяцаў апазіцыя не аб’ядналася, калі няма адзінага кандыдата, мы вырашылі, што адказным крокам будзе не ісці на выбары, — сказаў Аляксандр Мілінкевіч. — Мы ў сваім рашэнні напісалі, што мы ўстрымліваемся ад удзелу ў выбарах. Мы не гаворым, што мы зыходзім, мы пакрыўдзіліся. Проста мы лічым, што несурё’зна ісці на выбары і да людзей, клікаць людзей з рэгіёнаў, калі мы не аб’ядналіся».
«Калі будзе дэмакратыя — тады не будзе патрэбны адзіны кандыдат. А сёння мы мусім паказаць, што ёсць альтэрнатыва, — гаворыць госць праграмы. — Для мяне вынік кампаніі — гэта не проста „прыгожа прагуляцца“ і мяне больш ведаюць, і Манаеў напіша, што ў мяне рэйтынг большы. Для мяне самае галоўнае ў кампаніі — што людзі будуць адчуваць у першы дзень пасля выбараў. Калі яны адчуваюць больш аптымізму і веры, хочуць пераменаў і не так запалоханыя гэтымі пераменамі — гэта і ёсць вынік. А калі пасля выбараў людзі ў яшчэ большай дэпрэсіі — лепш увогуле не ісці на выбары».
