Пра гэта ён заявіў БелаПАН, каментуючы інфармацыю пра абранне новым рэктарам ЕГУ прафесара Дэвіда Поліка, які часова выконвае абавязкі рэктара. Яго кандыдатуру 3 красавіка ўхваліў агульны сход заснавальнікаў.
Працэс выбараў рэктара не выклікаў даверу ў студэнтаў, выпускнікоў, грамадзянскай супольнасці Беларусі, адзначыў Мілінкевіч. На яго думку, паўторны конкурс можна правесці хутка, важна, каб ён быў адкрытым.
«Для таго каб прасоўваць неабходныя ў ЕГУ рэформы, чалавек, які стане рэктарам універсітэта, павінен быць легітымны і мець падтрымку студэнтаў, акадэмічнай і грамадзянскай супольнасці», — сказаў Аляксандр Мілінкевіч.
Разам з тым, зазначыў ён, універсітэт «цярпіць у выніку конкурсу, які зацягнуўся». Тут цяжка выкладаць, вучыцца, не выключаны складанасці з наборам студэнтаў, бо людзі сумняваюцца ва ўстойлівасці будучыні ЕГУ.
«Лёс універсітэта неверагодна важны для Беларусі, — сказаў Мілінкевіч. — Зараз ёсць вялікая апаска, ці не стане ЕГУ дрэйфаваць у бок рускага свету. Вялікая небяспека заключаецца ў тым, што гэта будзе амерыканска-расійскі ўніверсітэт. Не думаю, што ў выпадку, калі ЕГУ ўзначаліць прафесар Дэвід Полік, універсітэт захавае беларускасць. У маім разуменні гэта не гэтулькі моўная палітыка, але служэнне Беларусі, праца на яе карысць шляхам правядзення даследаванняў па тэме Беларусі і падрыхтоўка для краіны эліты. Беларусі неабходныя рэформы — пры гэтай уладзе ці без яе. Моладзь павінна правесці гэтыя рэформы, старэйшае пакаленне наўрад ці справіцца».
