Агульную пазіцыю дэлегацыі беларускай апазіцыі прадставіў старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.
У сваім выступе палітык адзначыў, што беларускія дэмакратычныя сілы розныя — левыя, правыя, «але ўсе разам адстойваюць права беларусаў жыць у дэмакратыі і незалежнай краіне».
«Дэмакратыя абавязкова прыйдзе, але сёння для нас галоўнае — абараніць незалежнасць, бо яе можна страціць за адну ноч, і тады не будзе ні свабоды, ні правоў чалавека, ні Радзімы», — сказаў Аляксандр Мілінкевіч.
Ён адзначыў, што «што толькі паступовая еўраінтэграцыя дае нам шанец на захаванне Беларусі».
Дэмакратыяныя сілы, па ягоных словах, выступаюць за дыялог унутры краіны: «За тое, каб палітычная дыскусія перш за ўсе вялася не на вуліцах і плошчах, а ў міжнародна прызнаным беларускім парламенце».
«Ва ўмовах пагрозы агрэсіі з боку Расіі нам неабходнае нацыянальнае яднанне», — адзначыў Мілінкевіч.
Таксама дэмакратычныя сілы за дыялог з ЕС — «прычым не за дыялог дзеля дыялогу, а шчыры крытычны, абумоўлены дыялог. Дыялогу няма альтэрнатывы, але ен мусіць грунтавацца на празрыстых прынцыпах, прагматычных адносінах з захаваннем павагі да каштоўнасцяў».
«Могуць быць цыклы прагрэсу і рэгрэсу, але Еўропа не павінна казаць: „Не хочаце з намі — да пабачэння!“ Трэба спрыяць лібералізацыі і росту еўрааптымізму як грамадзянаў, так і ўладаў нашай краіны. Найважнейшае — захаваць тут „смак Еуропы“!» — заявіў Мілінкевіч.
«Дыялог мае дапамагчы правесці ў Беларуси сумленныя выбары. Нам вельмі важна, каб беларускія парламентарыі як роўныя з роўными былі прадстаўлены ў Еуранэсце. Сёння мы прапануем кампрамісны варыянт „5+5“ (палова дэлегацыі — ад Палаты прадстаўнікоў, палова — ад грамадзянскай супольнасці). Маем надзею, што выбары ў наш парламент 2016 году пройдуць ужо адкрыта, справядліва, мы палічым галасы разам з уладай — у гэтай зале Беларусь стане прадстаўляць паўнавартасная дэлегацыя», — сказаў старшыня Руху «За Свабоду» на пленарным пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Еўранэсту ў Ерэване 18 сакавіка.
«Мы таксама вітаем запрашэнне афіцыйнай беларускай дэлегацыі на Рыжскі саміт Усходняга партнёрства ў траўні, аднак лічым, што на ім павінен быць пачуты таксама голас грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі», — сказаў Мілінкевіч.
