Еўразвяз спадзяецца на прагрэс падчас чарговага раунда перамоваў па пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю.
У Еўракамісіі пацвердзілі, што 12 сакавіка ў Менску пройдзе трэці раунд перамоваў па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, падчас якога, як спадзяюцца ў ЕС, удасца вырашыць усе нявырашаныя пытанні.
Юрась Губарэвіч: Калі даваць гэтаму пытанню палітычную ацэнку, то, на маю думку, і для Беларусі, і, у першую чаргу, для яе грамадзян вельмі важна развівавць рознаўзроўневыя адносіны з Еўразвязам. Спрашчэнне візавага рэжыму якраз і спрыяе паляпшэнню такіх стасункаў. Перадусім — паміж людзьмі. Калі мы кажам, што Еўразвяз мусіць прад’яўляць свае патрабаванні да афіцыйнага Менску ў сувязі з вызваленнем палітвязняў, каб толькі пасля гэтага развіваць супрацоўніцтва, то ў адносінах да грамадзян Беларусі не павінна быць аніякіх умоваў. Яны павінны мець больш вольны доступ да краінаў Еўразвяза, да развіцця асабістых адносінаў, бізнесу, культурніцкіх сувязяў. Любыя дзеянні ў сферы спрашчэння візавага рэжыму альбо рэалізацыі палажэнняў аб малым памежным руху могуць толькі вітацца і па гэтай тэме не павінна стаяць ніякіх дадатковых умоваў і патрабаванняў.
Радыё «Рацыя»: Але чаму на гэты конт гавораць ужо даўно, а справа да гэтага часу стаіць на месцы?
Юрась Губарэвіч: Маё меркаванне, што тут больш апасенняў маюць беларускія ўлады, якія разумеюць, што адкрыццё заходніх межаў можа прывесці да змены грамадскіх настрояў у бок лепшай ацэнкі аб’яднанай Еўропы. У бок унутранай запатрабаванасці ў пераменах ці ў дэмакратыі. Таму наяўнасць, хоць і дзіравай, але заслоны на заходняй мяжы больш задавальняе беларускія ўлады. І тут мы бачым не толькі праблему ў сферы вольнага выезду. Існуюць абмежаванні, звязаныя і з эканамічнай сітуацыяй. Беларуская эканоміка такая, што мы сёння — адны з лідараў па ўзроўню коштаў на тавары ў рэгіёне. Таму, не маючы магчымасці усталяваць бар’еры на ўсходняй мяжы, адкуль ідзе абсалютна вольны паток тавараў з Расеі, улады будуюць барыкады на заходнім накірунку. Адсюль і такія новаўвядзенні, як абмежаванні з 10 сакавіка на ўвоз тавараў. Гэта ўсё спробы ратаваць падаючую беларускую эканоміку.
РР: Ці не падаецца вам, што сёняшнія еўрапейска-беларускія стасункі вяртаюцца на ўзровень пяцігадовай даўніны, калі таксама адчувалася пацяпленне паміж Еўропай і афіцыйным Менскам?
Юрась Губарэвіч: Нейкія прыкметы вяртання можна назіраць, хоць стасункі ж не абмяжоўваюцца толькі візавымі пытаннямі. Візавае пытанне якраз і ўзнята напярэдадні Рыжскага саміту «Усходняга партнёрства», таму што гэта, напэўна, найбольш лёгкая тэма для беларускіх уладаў, і тут насамрэч можа назірацца пэўны прагрэс. Гэта тая сфера, дзе Еўропа можа не ахвяраваць сваімі прынцыпамі і адыходзіць ад ранейшых заяваў датычных да сітуацыі ў Беларусі. І для ўрада Беларусі гэта — дэманстратыўны крок, які можна зрабіць напярэдадні саміта. Добра было б, каб і ў іншых сферах быў распачаты больш глыбокі дыялог.
