«Гэтая чарада візіцёраў па-свойму сымбалічна. Яна паказвае, што доўгія і працяглыя высілкі беларускай афіцыйнай дыпляматыі дзеля таго, каб прарваць ізаляцыю на заходнім кірунку, далі плён. Пры гэтым задачай Менску было паспрабаваць нармалізаваць дачыненьні на сваіх умовах. І выглядае, што збольшага дыялёг на беларускіх умовах — „давайце дамаўляцца па геапалітычных, эканамічных пытаньнях, але не кранайце правы чалавека“ — дэ-факта распачынаецца», — лічыць палітоляг Аляксандар Класкоўскі.
Чаму гэтыя намаганьні Менску ўпершыню з 2011 году далі плён:
«Па-першае, колькасьць перайшла ў якасьць. Па-другое, адчуваецца стомленасьць эўрапейцаў. Яны бачылі, што санкцыі асабліва не працуюць, трэба шукаць іншы інструмэнтарый. А іх усяго два: пуга ці пернік. Таксама каталізатарам стаў украінскі чыньнік. На гэтым фоне Захад стаў цаніць нават беларускую „стабільнасьць“ і міратворчыя высілкі Менску».
Андрэй Фёдараў, палітоляг і сябра Рады Руху «За Свабоду» ў інтэрвью радыё «Свабода» адзначыў:
«Я б на першы плян паставіў пазыцыю кіраўніцтва Беларусі ва ўкраінскім канфлікце, чаго ад Менску, магчыма, мала хто чакаў. Тое, як паводзіць сябе Лукашэнка, стала нейкім стымулам для Захаду, каб падтрымаць такую пазыцыю. Натуральна, што Беларусь ня мае кардынальнага значэньня ў вырашэньні гэтай праблемы. Але ў любым выпадку — для Захаду лепей нават адносна нэўтральны саюзьнік, чым адкрыты вораг эўрапейскай пазыцыі».
Калі казаць пра прагноз, чым гэта скончыцца, то Фёдараў тут не аптымістычны:
«У адрозьненьне ад ранейшых „лібэралізацыяў“ сытуацыя на ўсход ад Беларусі вельмі моцна зьмянілася. Я ўпэўнены, што беларускае кіраўніцтва вельмі баіцца паўтарэньня ў нас украінскага сцэнару, і таму надта далёка ў нармалізацыі адносінаў з Захадам ня пойдзе. Можа, гэтая нармалізацыя скончыцца вызваленьнем палітвязьняў, і, адпаведна, зьняцьцем санкцыяў. Але зьняцьце санкцыяў зусім не азначае запрашэньня ў Брусэль і Вашынгтон. І Лукашэнка гэта разумее, калі на прэсавай канфэрэнцыі ён казаў, што ніколі ня будзе для Захаду сваім».
