На пасяджэнні рады кампаніі днямі было прынятае рашэнне прапанаваць пакет зменаў і дапаўненняў у выбарчае заканадаўства, якія дазволяць зрабіць выбарчы працэс максімальна празрыстым і створаць механізм рэальнага падліку вынікаў галасавання.
Гэтыя праўкі ўлічваюць унесеныя пасля апошняй выбарчай кампаніі змены і скіраваныя на выпраўленне знойдзеных пад час апошняй кампаніі назірання хібаў. Прапановы будуць прэзентаваныя і перададзеныя ў Цэнтравыбаркам.
«Рух „За Свабоду“ ў 2012 годзе ініцыяваў распрацоўку і падпісанне супольнага для ўсёй апазіцыі праекту зменаў у Выбарчы кодэкс. Гэтыя змены не былі выкарыстаныя ўладай», — нагадаў першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.
На ягоную думку, «практыка 2012 году паказала, што ўлада зацікаўленая ў захаванні непразрыстага працэсу, механізмаў фальсіфікацыі выбараў».
«Бліжэйшыя выбары маюць важнае значэнне для Беларусі, я лічу, што ў інтарэсах краіны, каб іх вынік, зафіксаваны ў пратаколах, адпавядаў рэальнаму волевыяўленню грамадзян. Той, хто буде названы пераможцам ў выніку фальсіфікацый, атрымае слабую ўладу. Нелегітымная ўлада — гэта пагроза для краіны», — заключыў Юрась Губарэвіч.
У пасяджэнні рады кампаніі назірання «Права выбару» ўдзельнічалі прадстаўнікі арганізацый-заснавальнікаў — Беларускай сацыял-дэмакратычный партыі (Грамада), Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, кампаніі «Гавары праўду», Партыі БНФ і Руху «За свабоду». На ім было прынятае рашэнне пра пашырэння складу кампаніі, да якой далучыліся Беларуская партыя «Зялёныя» і прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці.
