— Вось ужо на працягу 10 гадоў мы прыбіраем тэрыторыю ля Крыжа ад смецця, садзім кветкі, усталёўваем шпакоўні на дрэвах, запальваем знічкі ў памяць без віны забітых. Людзі ведаюць, што менавіта тут на скрыжаванні вуліц Смаленскай і Пірагова знаходзілася да вайны савецкая турма «Крывое кола», у якой сталінскія карнікі расстралялі некалькі тысяч нашых суайчыннікаў, — распавёў Віктар Сырыца.
Ён адзначыў, што сумленныя людзі не хочуць і не могуць забыць аб жудасных рэпрэсіях сталіністаў на нашай зямлі. Таму прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці горада Баранавічы ўсталявалі тут Крыж памяці сталінскіх ахвяр у 1992 годзе.
Але ўсё часцей і часцей невядомыя асобы зрываюць букеты з бел-чырвона-белымі стужкамі, раскідваюць па тэрыторыі спаленыя лампадкі, пішуць на Крыжы зневажальныя словы, а цяпер і спальваюць вянкі.
Рухавец адзначыў, што мае намер звярнуцца ў праваахоўныя органы, каб яны знайшлі і прыцягнулі зламыснікаў да адказнасці.
