Актывісты з Ліды і Бярозаўкі, што ўваходзяць у аргкамітэт па стварэнні арганізацыі, амаль тры месяцы таму правялі ў Бярозаўцы ўстаноўчы сход і падалі неабходныя дакументы для рэгістрацыі ва Упраўленне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама. Упраўленне юстыцыі адказала адмовай у рэгістрацыі, а актывісты спрабавалі праз суд аднавіць свае канстутыцыйныя правы, паведамляе Радыё «Рацыя».
«Вынік, канечне, - прадказальны. Тая пазіцыя, якую заняў суд, таксама прадказальная. Як кажуць: рука руку мые. Яны не могуць адзін аднаго падстаўляць. Калі рашэнне аб нерэгістрацыі было прынята, то ні адзін суд ужо не дазволіць абскардзіць гэтае рашэнне», - адзначыў Сяргей Трафімчык.
Яны, дадаў ён, давядуць «працэдуру да канца» – абскардзяць і ў Вярхоўным судзе. «Нам важна менавіта фіксаваць гэтыя моманты, калі парушаюцца канстытуцыйныя правы грамадзян, якія гарантуюць права на стварэнне аб’яднанняў», - падкрэсліў Трафімчык.
Гэта была ўжо другая спроба грамадскіх актывістаў зарэгістраваць арганізацыю - мінулы раз яны падавалі на рэгістрацыю ў 2009 годзе на гарадское аб’яднанне, гэтым разам на раённае.
Праваабаронца Юры Чавусаў зазначыў, што апошнім часам ім даводзіцца даволі часта сустракацца з сытуацыяй, калі заяўнікам адмаўляюцца даваць гарантыйны ліст, што потым робіцца падставай для адмены рэгістрацыі, і такія выпадкі вельмі распаўсюджаныя.
«У дадзенай сітуацыі відавочна, што на арэндадаўцу націснулі. Тое, што памяшканне дагэтуль падаецца ў аб’явах на сайце райвыканкаму аб арэндзе, сведчыць пра тое, што тут быў палітычны ціск. І, адпаведна, усё рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі юрыдычна не абгрунтаванае. Яно абгрунтаванае з палітычнага пункту гледжання», - адзначыў Радыё «Свабодзе» Чавусаў.
