На згаданай сустрэчы прысутнічалі, акрамя мяне і Лябедзькі, Уладзімір Някляеў, Сяргей Калякін і Павел Севярынец.
У інтэрв’ю БелаПАН Лябедзька адзначыў, сустрэчы ў такім фармаце не праводзіліся аж з 2010 года. Хаця наракаць на дэфіцыт кантактаў з замежнымі дыпламатамі, прынамсі, некарэктна.
«Напэўна, гэта звязана з тым, што Лукашэнка спрабуе ўплываць на кадравую палітыку ЕС. Чатыры гады таму быў вельмі моцны падбор дыпламатаў, якія з’яўляліся не прадстаўніцтвамі нейкіх партоў ці эканамічных колаў, а дыпламатамі ў поўным сэнсе гэтага слова. Цяпер гэтага, на мой суб’ектыўны погляд, няма», — заявіў Анатоль Лябедзька.
Гэта сапраўды асабісты погляд Анатоля Лябедзькі. У дадзеным выпадку ён зрабіў такую агаворку. Але ж бываюць сустрэчы, калі апазіцыйныя палітыкі ўспрымаюцца як прадстаўнікі ўсіх дэмсілаў. Да ўсяго Лябедзька прэтэндуе на статус адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах-2015.
Шчыра прызнаюся, мне сорамна за гэтае выказванне лідара АГП, і я прыношу прабачэнні прысутным на гэтай сустрэчы еўрапейскім амбасадарам.
Паслы краінаў ЕС працуюць у Беларусі не для абслугоўвання апазіцыі, а адстойваюць найперш інтарэсы сваіх краінаў. Груба кажучы, не трэба і шкодна чакаць, што яны будуць «рабіць нам прыгожа» — замест нас саміх.
Ці не таму мы такія слабыя, што шмат гадоў спадзяёмся на знешняе спрыянне?
І санкцыі нам падавай вось такія і такія, і дыпламатаў прызначай на наш густ, і падтрымку давай у гэткіх і гэткіх аб’ёмах. Вось тады мы — ух! — зрынем дыктатуру...
Падобныя выказванні, якія дазволіў сабе ці то з адчайнае эмоцыі, ці то з пазіцыі правакацыйнага маралізатарства Анатоль Лябедзька, на жаль, дыскрэдытуюць беларускую дэмакратычную супольнасць.
Гэта пры тым што кіраўнікі дыпмісій ЕС ніколі не адмаўляліся ад абароны правоў і свабодаў чалавека ў Беларусі. Дый урэшце рэшт: не яны павінны вызваляць з турмаў тых самых палітвязняў, а беларускі народ.
