Па словах Мілінкевіча, вельмі важна, каб у грамадстве былі такія сілы, “якія думаюць не толькі пра пасады і кар’еры, а перш за ўсё дбаюць пра нацыянальныя каштоўнасці і Бацькаўшчыну”. На перакананне лідара Руху, “БНФ – безумоўна, каштоўнасная партыя”.
Закрануў Аляксандр Мілінкевіч і тэму прэзідэнцкіх выбараў 2015 году. Ён назваў бягучы момант вельмі важным: “З аднаго боку, дэмакратычныя сілы з вядомых прычынаў аслабленыя. З іншага боку, вырашаецца лёс Беларусі”.
Мілінкевіч выказаў заклапочанасць, што да сённяшнягя дня не ўдаецца прыняць працэдуру, як абраць адзінага кандыдата: “Так, у кожнай групы ёсць свае інтарэсы, але галоўны інтарэс – краіна”. Прычына замаруджвання, на яго думку, такая: “Пасля гадоў рэпрэсiй дэмсiлы слабейшыя і думаюць не пра вялікае, а пра тое, хто галоўны ў дэмакратычных колах, хто будзе спікерам ад іх”.
Разам з тым, “адзіны кандыдат – не панацэя, не вырашэнне праблемаў”.
“Для мяне адзіны кандыдат ад апазіцыі, калі ён будзе абраны, - гэта толькі інструмент. Надзвычай важна, каб гэты чалавек адстойваў нацыянальна-дэмакратычныя інтарэсы, каб быў беларусам, праеўрапейцам. І каб гэты чалавек не здрадзіў”, - сказаў Мілінкевіч.
Бо важна, па словах старшыні Руху “За Свабоду”, што будзе казаць гэты чалавек: “Таму што адзіны можа загаварыць, што спачатку трэба інтэгравацца з Расіяй, а потым – з Еўропай, што Расія мае тут інтарэс. І паколькі яна кантралюе нашу эканоміку, то хай прыватызуе яе…”
“Таму на нас з вамі вялікая адказнасць за тое, што будзе казаць і шчыра адстойваць адзіны кандыдат. Ён мусіць перадусім адстойваць незалежнасць. У выбарчай кампаніі-2015 слова “незалежнасць” мусіць быць ключавым”. – заявіў Аляксандр Мілінкевіч у прывітальнай прамове да дэлегатаў з’езда Партыі БНФ.
