Нагадаем, 2 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка выказаў гатоўнасць працягнуць сваю пасрэдніцкую місію для мірнага ўрэгулявання ўкраінскага канфлікту. У Міністэрстве замежных спраў Украіны гэтую прапанову адхілілі, заявіў дырэктар дэпартамента інфармацыйнай палітыкі МЗС Яўген Перабійніс.
«Мы лічым, ніякіх міратворчых войскаў ва Украіну ўводзіць не трэба. Трэба, каб Расейская Федэрацыя і тэрарысты выконвалі менскія дамоўленасці пра спыненне агню і абмен закладнікамі... Расейская Федэрацыя павінна вывесці свае войскі з тэрыторыі Украіны. Ніякіх міратворчых войскаў ва Украіне не трэба. Мы здольныя самі навесці парадак на сваёй зямлі, калі яе пакінуць замежныя войскі», — адзначыў Перабійніс.
«Удзел беларускіх вайскоўцаў ва ўкраінскім канфлікце — вельмі далікатнае пытанне. Калі б гэта сапраўды былі такія войскі, якія пасылае ААН, то справа была б ганаровай. Але, каб не аказалася так, што беларускія войскі паспрыяюць расейскай агрэсіі. Усё ж Беларусь у ваенным саюзе з Расеяй. Да таго ж Беларусь не мае права пасылаць свае войскі за мяжу, таму што гэта не дазваляе Канстытуцыя», — пракаментаваў радыё «Рацыя» Аляксандр Мілікевіч.
РР: На ваш погляд, як простыя людзі ставяцца да таго, каб беларускія хлопцы прымалі ўдзел у ваенным канфлікце? Няхай місія будзе і міратворчай...
Аляксандр Мілінкевіч: Адназначна, негатыўна. Нярэдка да беларусаў адносіліся з пагардай — маўляў, памяркоўныя, не могуць пастаяць за сябе. Але гэта і мудрасць беларусаў. І ў ваенным канфлікце другіх краін трэба быць нейтральным.
РР: Што стаіць за заявай пра гатоўнасць выкарыстоўваць свае ўзброеныя сілы для таго, каб развесці канфліктуючыя бакі?
Аляксандр Мілінкевіч: Не выключаю, што гэта проста жаданне працягнуць той поспех, які нечакана адбыўся пасля перамоваў у Менску.
