Падчас паездак па Беларусі, збіраючы подпісы ў падтрымку яго пытанняў, пра тое, як нас лечаць, даводзілася гаварыць шмат. І на лесвічных клетках у пад’ездах дамоў, і ў дварах, і ў паліклініках. Людзі наракаюць на чэргі і на тое, што да дэфіцытных профільных дактароў не патрапіць тыднямі, а то і месяцамі. Асабліва жыхарам сельскай мясцовасці. Народ сумна жартуе: як пашанцуе, дажывеш да прыёма ўрача — маеш шанец атрымаць лячэнне і адужаць.
Цягам верасня-кастрычніка мы ладзім грамадскія слуханні па гэтай праблематыцы. Падчас іх асноўнай праблемай беларускай медыцыны лекары называюць недахоп фінансавання галіны.
Рух “За свабоду”, адзін з ініцыятараў “Народнага рэферэндуму”, лічыць, што рэформы ў сістэме аховы здароўя трэба пачынаць менавіта з павелічэння памеру фінансавання медыцыны — з цяперашніх 5% да 10% ад узроўню ВУП.
Іншыя нашыя прапановы ўтрымліваюцца ў “Народнай праграме”
• Пералічэнне заробкаў супрацоўнікам медыцынскіх устаноў да сярэдніх паказчыкаў па эканоміцы краіны;
• Стварэнне роўных ўмоваў для дзейнасці дзяржаўных і прыватных медыцынскіх устаноў;
• Стварэнне сістэмы прыватнай страхавой медыцыны;
• Развіццё медыцынскага турызму;
• Увядзенне нязменнага базавага набору бясплатнай медыцынскай дапамогі асобам да 18 год, пенсіянерам і інвалідам;
• Увядзенне практыкі сямейных дактароў;
• Зніжэнне бюракратычнай нагрузкі на супрацоўнікаў медыцынскіх устаноў;
• Увядзенне ў медыцынскіх ВНУ спецыяльнасці "менеджмент сістэмы аховы здароўя”.
Асобную ўвагу трэба надаць дэалкагалізацыі: беларусы спажываюць алкаголь, на жаль, па-лідарску.
Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, гэта 17,5 літра на душу насельніцтва ў пераліку на чысты спірт.
Зрэшты, Міністэрства аховы здароўя Беларусі запярэчыла, што лічба завышаная, назваўшы іншы паказчык — 11,14 літра. Нават калі так, то і гэта прыкрае месца ў першай дваццатцы! Аднак афіцыйная статыстыка ў нашай краіне не ўлічвае самаробныя алкагольныя напоі і нелегальна ўвезеныя ў Беларусь.
Сярод мераў па зніжэнні спажывання алкаголю, а таксама тытуню намі прапануюцца:
• - Значнае павелічэнне акцызаў на алкаголь і цыгарэты (напрыклад, кошт бутэлькі гарэлкі мусіць быць роўным не меней за мінімальны дзённы заробак);
• - Забарона продажу піва і моцнага алкаголю ад 22:00 вечара да 10:00 раніцы;
• - Вынас продажу цыгарэт і алкаголю ў спецыялізаваныя крамы і шапікі;
• - Поўная забарона рэкламы цыгарэт, піва і моцнага алкаголю ў СМІ і на білбордах, а таксама гандлёвых марак вытворцаў цыгарэт і алкаголю;
• - Павелічэнне ўзроставага цэнзу на забарону продажу цыгарэт, піва і моцнага алкаголю асобам да 21 года;
• - Забарона вырабніцтва і продажу пладова-ягадных він («чарніла») на ўсёй тэрыторыі Беларусі. //Naviny.by
