У кампаніі, адным з ініцыятарам якой з’яўляецца Рух «За Свабоду», ўважаюць гэта за народны іспыт для дэпутатаў: парламент як суб’ект ініцыявання правядзення рэспубліканскіх рэферэндумаў павінен разгледзіць гэтую прапанову дзясяткаў тысячаў беларусаў на сваіх пленарных пасяджэннях.
Нагадаем, гэтыя пытанні тычацца адукацыі, аховы здароўя, рэальнага забеспячэння замацаванага ў Канстытуцыі імкнення Рэспублікі Беларусь да нейтралітэту, сапраўды дзейснага і дэмакратычнага мясцовага самакіравання, эканамічнай інтэграцыі з Еўрасаюзам і механізму прыватызацыі.
Актывісты «Народнага рэферэндуму», які ініцыявалі Рух «За свабоду», кампанія «Гавары праўду», Партыя БНФ і падтрымалі БСДП (Грамада) і аргкамітэта па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу, пазнаёмілі з ідэяй рэферэндуму прыблізна 230 тысяч грамадзян. 50 тысяч беларусаў паставілі свае подпісы ў падтрымку парадку дня «Народнага рэферэндуму».
«Подпісы суправодзіць ліст да кожнага парламентарыя. Мы заклікаем іх скарыстацца законнымі паўнамоцтвамі дэпутата Палаты прадстаўнікоў, каб голас грамадзянаў, якія падтрымалі ініцыятыву правядзення рэспубліканскага рэферэндуму, быў пачуты заканадаўчым органам улады», — падкрэслілі прадстаўнікі кампаніі на сайце «Народнага рэферэндума».
Па іх словах, прадстаўнікі кампаніі «ўжо сустрэліся з дзясяткам дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і прэзентавалі ім рэферэндумную ініцыятыву, падтрыманую ў тым ліку і іхнімі выбарцамі», цягам восеньскай сесіі ніжняй палаты парламента плануюць асабіста сустрэцца з кожным дэпутатам, каб падрабязней распавесці пра сутнасць пытанняў «Народнага рэферэндуму» і высветліць іх рэакцыю на волю народа.
«Мы шукаем тых сярод іх, хто скажа „Так!“», — падкрэслілі ў кампаніі.
Апрача размоваў з дэпутатамі, запланаванае правядзенне грамадскіх слуханняў, прысвечаных праблематцы пытанняў «Народнага рэферэндуму». Ужо адбыліся слуханні па рэформе адукацыі, у верасні-кастрычніку дыскутуюцца пытанні, як зрабіць больш якаснай і даступнай медычнае абслугоўванне. Наперадзе — грамадскія слуханні па перспектывах развіцця стасункаў з Еўрасаюзам.
Па выніках слуханняў будуць складацца рэкамендацыі па зменах у той альбо іншай галіне. Гэтыя прапановы мы перададзім кіраўнікам профільных ведамстваў.
Сабраныя 50 тысяч подпісаў у падтрымку «Народнага рэферэндуму» — толькі пачатак, у кампаніі лічаць, што ўдасца дасягнуць «планкі ў паўмільёна сабраных подпісаў, бо відавочна, што беларускі народ хоча пераменаў у краіне».
Паводле вынікаў вераснёўскага апытання НІСЭПД, самым прымальным праектам апазіцыі застаецца «Народны рэферэндум»: калі б яго правядзенне залежыла асабіста ад рэспандэнтаў, то за яго і мірныя перамены выказаліся б 45,2%, супраць — 36%. #рэферэндум
