«Мы за больш чым за год аб’ехалі ўсю Беларусь. Пытанне медыцыны — вельмі актуальнае для беларусаў», — распавёў перад непасрэднай дыскусіяй першы намеснік Руху «За Свабоду», адзін з лідараў «Народнага рэферэндума» Юрась Губарэвіч.
Па ягоных словах, па выніках гэтых грамадскіх слуханняў будуць падрыхтаваныя матэрыялы, якія разам з подпісамі будуць перададзеныя ў Палату прадстаўнікоў.
«Чым людзі будуць больш салідарныя ў такіх пытаннях, тым хутчэй мы прымусім уладу рабіць тое, што цікавіць і патрэбна грамадству», — адзначыў ён.
«Мы гатовыя перадаць 50 тысячаў подпісаў і дабівацца прызначэння рэферэндуму. Калі рэферэндум не будзе прызначаны, мы будзем працягваць збіраць подпісы», — адзначыў старшыня партыі БНФ і адзін з лідэраў «Народнага рэферэндума» Аляксей Янукевіч.
«Сітуацыя з тэрміновай медычнай дапамогай у сельскай мясцовасці — вельмі сумная. У вёсцы можна не дачакацца прыезда ўрачоў. Акрамя таго, шмат якія сельскія ўчастковыя бальніцы былі зачыненыя», — адзначыла доктар Наталля Шкадун.
Яна заклікала перад усім вырашыць глабальныя праблемы ў медыцыне, назваўшы адной з іх недахоп фінансавання.
Медыцына ў Беларусі — не самая кепская, але і не самая добрая, лічыць дырэктар ААТ «Агенцтва медыцынскага турызму» Міхаіл Нядзвецкі. Па яго словах, мы займаем «залатую сярэдзіну», абыходзім краіны СНД, а па некаторых паказчыках — шэраг краін Цэнтральнай і нават Заходняй Еўропы.
Прыкметы няякаснай медыцыны ён бачыць у тым, што ў дзяржаўных паліклініках збіраюцца чэргі з пацыентаў.
«Рэформы медыцыны, безумоўна, патрэбныя, але пытанне колькі? Колькі каштуе, колькі будзе ісці... Рэформа не можа быць бясплатнай», — падкрэсліў эксперт, дадаўшы, што галоўнае пытанне — гэта заробкі, бо дактары зацікаўленыя ў добрай аплаце іх працы.
Па ягоных падліках, 20% сродкаў на медыцыну зараз выкарыстоўваюцца нерацыянальна, так што галіне трэба не толькі павелічэнне фінансавання, але і незалежны аўдыт.
Нашу медыцыну нельга назваць кепскай, сказаў лекар Зміцер Салошкін, спаслаўшыся на статыстыку. Па ягоных словах, неблагія паказчыкі па колькасці лекараў, забеспячэнні клінікаў медсестрамі і г.д.
«Але пры гэтым падобныя паказчыкі не пераходзяць у працягласць і якасць жыцця», — патлумачыў лекар. Ён адзначыў перавагі страхавой медыцыны.
4% ад ВУП — недастаткова для фінансавання, яго трэба павялічваць — да
«І перш за ўсё трэба павялічыць заробкі. Бо праз маленькі заробак знізілася павага да прафесіі доктара, упаў імідж прафесіі. Акрамя таго, доктару прыходзіцца круціцца, каб зарабляць», — патлумачыў ён. Па ягоных словах нармальны ўзровень заробку ўрача — тысяча долараў, акрамя таго, ёсць патрэба ўзняць заробкі і медсёстрам, якія зараз «працуюць як рабы з 8.00 да 20.00».
#рэферэндум
