Збор подпісаў ідзе ў межах грамадскай кампаніі «Новы Гомель» з 11 верасня. Каардынатар «Новага Гомеля», актывістка Руху «За Свабоду» Галіна Краўчанка перакананая, што ў пытаннях паляпшэння сацыяльнай інфраструктуры інтарэсы ўлады і грамадзянаў супадаюць.
«У 2013 годзе мы праводзілі маніторынг праблем, якія ёсць у Навабеліцкім раёне. Большасць апытаных гаварыла пра тое, што самая вялікая праблема — адсутнасць сучаснай дзіцячай шматфункцыянальнай паліклінікі. Мы звярнуліся ў адміністрацыю, дзе нам адказалі, што такая праблема сапраўды ёсць, і яна неаднойчы ўзнімалася. Аднак, да гэтай пары не вырашана», — адзначыла яна.
Калі мы сказалі, патлумачыла актывістка Руху, «што ёсць такая ініцыятыва і мы хочам сабраць подпісы, мы атрымалі неафіцыйную згоду».
Збор подпісаў працягнецца да канца верасня, пасля чаго калектыўны зварот будзе накіраваны ў Гомельскі аблвыканкам і Міністэрства аховы здароўя, паведамляе Радыё «Рацыя».
