«Сёння ў нашай краіне склалася такая сітуацыя, калі фактычна ў нас у школах гісторыя Беларусі выкладаецца не поўна. Яна падаецца такім чынам, быццам бы гісторыя нашага народу пачынаецца з перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. А дагэтуль не было нічога», - адзначыў Кузняцоў.
І гэта двайная трагедыя, кажа ён, «для нашага народу і для нашай будучыні».
«Таму што, па-першае, гэта няпраўда. Дагэтуль, да Вялікай айчыннай вайны, і да Савецкага саюзу ў беларусаў была вялікая гісторыя: было стварэнне Вялікага княства Літоўскага, былі перамогі над мангола-татарамі, былі перамогі над крыжакамі, быў Францыск Скарына, які падараваў Усходняй Еўропе, усходнім славянам друкарства», - сказаў актывіст Руху «За Свабоду».
«У беларусаў вельмі вялікая культурная і ваенная, гераічная гісторыя. І тое, што мы вучымся на непраўдзівым выкладанні, гэта першы бок трагедыі», - падкрэсліў Пётр Кузняцоў.
Па ягоных словах, «другі бок нашай трагедыі ў тым, што мы не адновімся як нацыя, калі мы не вывучым, не ўсвядомім сваю гісторыю, не зразумеем тое, што мы маем вялікія карані і не зразумеем тое, што мы адзін з вялікіх народаў Еўропы».
«І таму выкладанне Гісторыі Беларусі трэба абавязкова рэфармаваць, трэба вяртацца да нашых вытокаў, нашых каранёў», - заключыў каардынатар Руху «За Свабоду» па Гомельскай вобласці.
