«Абранне адзінага рэальна немагчыма раней за пачатак 2015 году з-за таго, што застаецца яшчэ шмат нявырашаных працэдурных пытанняў», — кажа Радыё «Свабода» Юрась Губарэвіч.
Па ягоных словах, «засталіся пэўныя дэталі».
«Але нездарма кажуць, што д’ябал хаваецца ў дэталях. І тут самае галоўнае, каб адзіны кандыдат (калі ён будзе абраны) карыстаўся падтрымкай усіх суб’ектаў, якія будуць удзельнічаць у кангрэсе. Таму мы бачым, што тут спешка з прызначэннем працэдуры, калі некаторыя суб’екты ёю незадаволеныя і змогуць паставіць пад сумнеў вынікі кангрэсу, да нічога добрага не давядзе», — заключыў Губарэвіч.
АГП згодная, што на прэзідэнцкіх выбарах ад дэмакратычных сілаў павінен быць адзіны кандыдат. Партыя, якая раней настойвала на абранні такога прэтэндэнта толькі праз праймерыз, цяпер не супраць і Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Але такі форум, як лічыць Анатоль Лябедзька, адбудзецца толькі на пачатку 2015 году.
«Трэба глядзець на пачатак наступнага году. Праводзіць адборы падчас летняга зацішша было б няправільна. Увосень усё толькі пачнецца», — сказаў Лябедзька.
За тое, каб кангрэс дэмсілаў праходзіў раней, выступае партыя БХД, кажа адзін з яе лідэраў Павал Севярынец.
«Мы сыходзім з таго, што падзеі ва Украіне разгортваюцца імкліва. І таму ў Лукашэнкі могуць з’явіцца новыя датэрміновыя варыянты правядзення выбараў. І з гэтага пункту гледжання абраць адзінага раней было б больш мэтазгодным. Напрыклад, увосень», — сказаў ён.
Але большасць з тых, хто цяпер вядзе перамовы пра адзінага, схіляецца да пазнейшага вылучэння, дадаў Севярынец.
«У такой сітуацыі ёсць сэнс параўнаць падзеі. Першы кангрэс дэмакратычных сілаў праводзіўся ўвосень 2005 году, хоць і тады былі прапановы адкласці яго да лютага
«Тады меркавалася, што выбары пройдуць увосень
«Грамадзянская кампанія „Гавары праўду“ ўжо гатовая да ўдзелу ў кангрэсе, незалежна ад таго, калі ён адбудзецца», — заяўляе намеснік старшыні кампаніі Андрэй Дзмітрыеў.
«У нас ёсць і кандыдат — Някляеў. Ёсць і моцная ініцыятыва. І свае структуры, што мы даказалі падчас мясцовых выбараў. Таму мы не бачым тут неабходнасці спяшацца. Але няма падставы і марудзіць. Цяпер ідуць спрэчкі пра тое, як вылучаць дэлегатаў на кангрэс. Для нас тут прынцыпова, каб вылучэнне не стала магілай для еднасці ў рэгіёнах і глебай для новых канфліктаў», — адзначыў палітык.
«Пазіцыя Партыі БНФ палягае ў тым, каб абраць адзінага як мага хутчэй», — заяўляе партыйны лідэр Аляксей Янукевіч.
«Калі атрымаецца ўвосень, то гэта было б выдатна. Гэта дазволіць мабілізаваць грамадства на яго падтрымку, напрацаваць яго патэнцыял і рэйтынг. Каб ужо да пачатку афіцыйнага старту прэзідэнцкай кампаніі гэты кандыдат меў пэўны палітычны капітал. Але калі зыходзіць з рэалістычных меркаванняў, то я сёння не ўзяўся б сьцьвярджаць, што можна ўвосень вызначыць адзінага кандыдата. Можа, перамоўны і працэдурны працэсы зацягнуцца да вясны 2015 году», — завершыў Янукевіч.
Згодна з беларускім заканадаўствам чарговыя выбары прэзідэнта павінны адбыцца не пазней за 20 лістапада 2015 году. Але гэта не азначае, што яны ня могуць прайсці раней.
