Па словах Віктара Сырыцы, грамадскія актывісты з Баранавіч напярэдадні ўгодкаў бітвы наведалі помнікі, высадзілі каля іх кветкі і прыбралі смецце.
«Мы нічога грандыёзнага не праводзілі, – дадаў ён. – Прыбралі шмат пластыкавых бутэлек і пасадзілі кветкі каля помнікаў, на жаль, нам вельмі перашкодзіў дождж».
Па яго словах, аднадумцы ўбачылі, што вакол помнікаў расце высокая трава, якую ніхто не абкошваў. Грамадскія актывісты збіраюцца на днях прыехаць яшчэ раз ужо з трымерам і абкасіць траву.
«Шкада, што ні мясцовыя, ні раённыя ўлады нічога не прадпрымаюць, каб тэрыторыя каля мілавідскіх помнікаў была добраўпарадкавана, – кажа Віктара Сырыца. – Летась 2 чэрвеня мы таксама самі высаджвалі кветкі і прыбіралі гэтую тэрыторыю».
Нагадаем, што Мілавідская бітва адбылася 3 чэрвеня 1863 года падчас паўстання Кастуся Каліноўскага. Забітыя пад час бітвы паўстанцы і царскія вайскоўцы былі пахаваныя каля шашы ў розных магілах. На магіле расійскіх салдат за царскім часам быў усталяваны чыгунны крыж. У 1930-х польскія ўлады на магіле паўстанцаў паставілі капліцу.
У 1990 годзе беларускія ўлады ўсталявалі яшчэ адзін памятны знак — камень з мемарыяльнай плітою і надпісам па-беларуску.
