«Рух „За Свабоду“ таксама вызначыўся з тым, што ў ягоным інтарэсе мець свайго кандыдата. І да 15 ліпеня гэтага года, значыць, праз два месяцы, Рух абвесціць пра свайго кандыдата, назаве імя гэтага кандыдата», — сказаў Алесь Лагвінец Радыё «Рацыя».
Як сказаў Алесь Лагвінец, на паседжанні рады «праводзілася закрытае рэйтынгавае абмеркаванне, хто можа быць кандыдатам ад руху. «Пакуль мы не ведаем вынікаў у спіс для галасавання былі ўключаны розныя прозвішчы, у тым ліку кіраўніцтва Руху „За свабоду“», — дадаў Лагвінец.
Рух «За свабоду» на радзе выступіў за выпрацоўку адзінай стратэгіі дэмакратычных сілаў і абранне адзінага альтэрнатыўнага кандыдата ў прэзідэнты. Прапанаваная працэдура Кангрэсу дэмакратычных сілаў для абрання «адзінага» прымальная, але некаторыя моманты патрабуюць карэктыроўкі, сказаў Радыё «Рацыя» першы намеснік старшыні Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
«Мы лічым, што ў інтарэсах усёй дэмакратычнай супольнасці як мага раней вызначыцца з асобай адзінага кандыдата. Аднак нельга разглядаць працэдуру як самамэту, і вылучэнне такой асобы без адрыву ад агульнай стратэгіі дзейнасці дэмакратычных сілаў на прэзідэнцкія выбары, перадусім галоўным і самым важным элементам гэтай стратэгіі мусіць быць атрыманне падтрымкі большасці грамадзян Беларусі», — падкрэсліў Губарэвіч.
Без такой рэальнай падтрымкі грамадзянаў поспех апазіцыі немагчымы. І ні плошчы, ні абскарджанне ў судах не дапамогуць забяспечыць ці ўтрымаць гэтую перамогу, — кажа Юрась Губарэвіч.
Палітык падкрэсліў важнасць асобы адзінага кандыдата. «Адзіны павінен быць чалавекам праеўрапейскіх і прабеларускіх поглядаў. Гэты момант набыў асаблівую важнасць пасля падзеяў ва Украіне» — лічыць Юрась Губарэвіч.
